З прэм’ерай! У БрДУ адбыўся спектакль «Свеціць, ды не грэе» Паўла Бекіша

Дзе знайсці шчасце? Адны шукаюць яго ў любові, іншыя – у прафесіі, а трэція і зусім у яго пошуках з’язджаюць за сотні кіламетраў. Адказаць на гэтае пытанне ў далёкім 1880 г. паспрабавалі Аляксандр Астроўскі і Мікалай Салаўёў у п'есе «Свеціць, ды не грэе». Па гэтым творы ставіліся спектаклі ў розных тэатрах. 12 красавіка 2018 года сваю інтэрпрэтацыю прадставілі і студэнты БрДУ пад кіраўніцтвам рэжысёра Паўла Бекіша.

Не дзіўна, што студэнцкая прэм’ера сабрала цэлую залу, бо Павел Дзмітрыевіч вядомы ўсім як рэжысёр вышэйшай катэгорыі, які ўдзельнічаў у стварэнні кінастужак «Анюціна дарога» і «Факір на гадзіну» на кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама дакументальных фільмаў «Кніга неўміручасці», «Новае Палесся» і іншых для тэлебачання.

Гульня святла, музычныя падложкі, грым і дэкарацыі – усё было на вышэйшым узроўні. Але галоўная мэта рэжысёра – паказаць змест п’есы, раскрыць сутнасць закранутых праблем.

Дзеянне пастаноўкі разгортваецца з прыездам землеўласніцы Ганны Уладзіміраўны Рэневай у маёнтку з мэтай яго продажу. Але на першы план вылучаюцца рамантычныя адносіны яе бліжэйшага суседа Барыса Барысыча і дачкі былога аканома яе маёнтка Олі Васільковай. Маладыя мараць пра будучыню, але ў іх жыццё ўмешваецца Рэнева і губіць яго. Спачатку яна толькі думае аб тым, што ёй было б не так сумна ў сваёй адзіноце, калі разбурыцца шчасце пары, якая гуляе ў маёнтку. Пазней Рэнева кажа: «...так бы ўзяла ды і разбіла цяпер гэтае чужое шчасце!..»

Калі Рэнева схільная да парыву сваіх думак і пачуццяў, то Барыс Барысыч – да ўплыву іншых людзей, у прыватнасці, самой Ганны Уладзіміраўны. Яго не задавальняе, што нявеста Оля не хоча жыць з ім да сватаўства, і, магчыма, таму ён не можа адмовіць землеўласніцы ў прагулянках. Іх страсная сустрэча становіцца трагедыяй для Олі, якая кідаецца ў раку.

Гэты ўчынак шмат чаму навучыў усіх, у першую чаргу – Барыса Барысыча, які зразумеў, што не трэба было шукаць шчасце, калі яно доўгі час знаходзілася побач з ім. Ён не можа жыць з адкрытай яму ісцінай і сам карае смерцю сябе – кідаецца з абрыву і разбіваецца.

Слова «разбіваецца» тут з’яўляецца адным з ключавых, дзеянні, звязаныя з ім, сімвалічныя. Як такой сістэмы сімвалаў у п’есе няма, але адзін сімвал не заўважыць немагчыма – гэта падаючы посуд. І, трэба аддаць належнае рэжысёру студэнцкага тэатра, ён акцэнтуе ўвагу на гэтым, не забыўшыся, што першапачатковая назва п’есы – «Разбітае шчасце».

Дарэчы, яшчэ ў пачатку п’есы, калі посуд пастаянна б’ецца, аўтары і рэжысёр даюць падказку, якім будзе фінал. Прынята лічыць, што разбіць кубак – на шчасце, тут жа галоўная роля адведзена самому слову «разбіваецца». Ды і нездарма посуд б’ецца ў доме памешчыцы, якая хацела разбурыць чужое жыццё. Што ж, у такім выпадку атрымліваецца, што разбіты на асколкі посуд усё ж такі выступае яркай ілюстрацыяй прыметы.

Ганна Уладзіміраўна маладосцю і прыгажосцю выпраменьвае святло, але застаецца халоднай, не здольнай на сур’ёзныя адносіны і глыбокія пачуцці. Сапраўды, свеціць, ды не грэе.

Эмацыйнасць студэнтаў-акцёраў, іх не толькі знешняе, але і ўнутранае пераўвасабленне, поўнае яднанне са сваімі персанажамі з’яўляюцца вынікам вялікай плённай працы, праробленай рэжысёрам, разумення паміж ім і трупай.

Спрабуючы адказаць на пытанне «Дзе знайсці шчасце?», студэнты ігрой і інтанацыямі здолелі паказаць галоўнае: агульначалавечыя каштоўнасці, такія як каханне і сям’я – вельмі далікатныя, яны падобныя да чашы і могуць за лічаныя хвіліны ператварыцца ў тысячы абломкаў. Таму так важна іх берагчы.

З прэм’ерай Паўла Бекіша і яго трупу павіншавала прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Сакалова. Яна ўручыла Паўлу Дзмітрыевічу кветкі, памятны падарунак ад універсітэта і падзякавала ўсім ўдзельнікам прэм’еры за цудоўны спектакль.

З нецярпеннем чакаем пастаноўкі «Свеціць, ды не грэе» ў выкананні іншай студэнцкай трупы.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба
Фота: Юлія Воўк і Дзмітрый Кухарчук

Падзяліцца: