Студэнцкая вясна, віват!

Фестываль студэнцкай творчасці «Студэнцкая вясна–2018» праходзіў у нашым універсітэце з 15 па 26 сакавіка. Па традыцыі ён адкрыўся запальным флэш-мобам «Танцуючы ўніверсітэт». Студэнты ўсіх факультэтаў, якія выконвалі яго пад рытмічную музыку, далі старт шэрагу мерапрыемстваў.

Канцэрты, майстар-класы, выставы, конкурсы, музычна-літаратурныя вечары, інтэлектуальныя гульні і гутаркі – самі рабяты называюць фестывальныя тыдні своеасаблівым падарожжам ад аднаго віду дзейнасці да іншага.

З прывітальным словам перад навучэнцамі выступіла рэктар універсітэта Г.М. Сендзер. Ганна Мікалаеўна адзначыла, што студэнты сваім аптымізмам, адкрытасцю свету і пазітыўным поглядам на яго прыўносяць у наша жыццё яркія фарбы, даюць новае дыханне звыклым, на першы погляд, рэчам і пажадала ім тварыць і зараджаць сваёй нястрымнай энергіяй дарослых.

Падчас «Студэнцкай вясны» моладзь па максімуму праявіла свае здольнасці, паспяваючы старанна вучыцца, рэпеціраваць, з бляскам выступаць на розных пляцоўках фестывалю і захоўваць на сваіх мабільных тэлефонах цікавыя моманты мерапрыемстваў. А ўсё таму, што рабяты ўпэўнены: студэнцтва – лепшая пара ў жыцці, і гэты час трэба выкарыстоўваць для назапашвання станоўчых эмоцый і яркіх уражанняў.

Сучасная моладзь – гэта скарбніца талентаў, майстэрства і ўменняў. «Мы ўсе праблемы будзем вырашаць хутка і якасна, годна пераадольваючы перашкоды, у поўнай сіле будзем выкарыстоўваць магчымасці нашага часу, каб спраўджваліся мары, каб свет станавіўся прыгажэйшым і больш шчаслівым», – сказала студэнтка 4 курса псіхолага-педагагічнага факультэта Аксана Палячук. У гэтых словах дзяўчына выказала меркаванне ўсёй моладзі, якая хоча быць карыснай грамадству і актыўна праяўляць грамадзянскую пазіцыю.

Арганізатарам удалося на высокім узроўні правесці моладзевае свята, якое арыентавана на стварэнне будучыні, але з апорай на падмурак, закладзены продкамі, таму што наша пакаленне беражэ культурную спадчыну свайго народа, праслаўляе яе і павялічвае.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: