Студэнты-юрысты прынялі ўдзел у «медыяцыі будучыні»

3-5 лістапада 2017 года ў Мінску адбыўся ІІ Міжнародны студэнцкі конкурс па медыяцыі і перамовах «Медыяцыя будучыні». Яго арганізатарам выступіў Цэнтр медыяцыі і перамоў пры падтрымцы Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Конкурс уяўляе сабой студэнцкую дзелавую гульню, што праводзіцца для папулярызацыі і развіцця медыяцыі, у якой яе ўдзельнікам неабходна ўрэгуляваць прапанаваныя ім спрэчкі.

Наш універсітэт на конкурсе прадстаўляла група студэнтаў юрыдычнага факультэта і іх трэнер, старшы выкладчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Святлана Анатольеўна Цюга. Яны вярнуліся са сталіцы і падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Андрэй Багатка, 3 курс:

– Мне вельмі спадабалася ўдзельнічаць у конкурсе, гэта цудоўная магчымасць павысіць свае прафесійныя навыкі, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і атрымаць парады ад прафесіяналаў. Конкурс дэманструе, што міжнароднае супрацоўніцтва станоўча адбіваецца на якасці адукацыі.

Я зразумеў, што мне неабходна развіваць камунікатыўныя здольнасці і трэба больш удзельнічаць у падобных конкурсах, каб не нервавацца, калі маеш зносіны з апанентам, вучыцца ўжываць хітрасць і псіхалагічныя прыёмы.

Да ўдзелу ў конкурсе мой Facebook быў практычна пусты, а пасля яго ён папоўніўся разумнымі, рознабаковымі і вясёлымі людзьмі.

Таццяна Сільчанка, 3 курс:

– Умець правільна весці перамовы для юрыста вельмі важна. У абранай мною прафесіі неабходна прымяняць розныя псіхалагічныя тэхнікі, што не заўсёды проста. А ў гэтым конкурсе неабходна было знайсці ідэальны варыянт вырашэння пэўнай праблемы. Ён дазволіў мне выйсці з маёй зоны камфорту, я знаходзілася ва ўмовах, дзе трэба неардынарна думаць, пралічваць дзеянні апанента і хутка рэагаваць на тое, што адбываецца. Мы спаборнічалі з рабятамі з МІПСА. Было вельмі цікава пераняць вопыт у галіне юрыспрудэнцыі ад медыятараў з Кыргызстана.

Спадзяюся, у наступным годзе зноў буду ўдзельнічаць у «медыяцыі будучыні», таму што я атрымала бясцэнны вопыт, пашырыла круг знаёмстваў і пагутарыла з вядучымі медыятарамі.

Святлана Анатольеўна Цюга, трэнер:

– Удзел у конкурсе – гэта заўсёды выпрабаванне сваіх магчымасцей. У дадзеным выпадку – прафесійных. Гэта хвалююча і адказна, бо табе даверана прадстаўляць калектыў роднага факультэта. Рабяты мелі магчымасць праявіць эрудыцыю. Яны змаглі аб’ектыўна ацаніць свой узровень ведаў на фоне іншых удзельнікаў. Упэўнена, гэта добры стымул самаўдасканальвацца. Цікавымі былі майстар-класы паспяховых медыятараў-практыкантаў.

У цэлым, наша каманда выступіла годна. Вядома, былі і слабыя месцы, але мы прааналізавалі недахопы, пачалі над імі працаваць, каб у будучым годзе увайсці ў тройку лідараў гэтага конкурсу.

Для мяне «Медыяцыя будучыні» – вопыт першага ўдзелу ў такім конкурсе ў ролі трэнера. Мне ўдалося пагутарыць з калегамі з Расіі, Украіны і Кыргызстана. Мы, як і студэнты, таксама шмат чаму навучыліся адзін у аднаго і набылі новыя веды і сяброў.

Паліна Крысь, студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта

Падзяліцца: