Поспехі нашых спартсменаў на ўніверсіядзе працягваюцца

З 24 па 26 лістапада дзяржаўная ўстанова адукацыі «Фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі Савецкага раёна г. Мінска» прымала рэспубліканскія спаборніцтвы «Фестывалю неалімпійскіх відаў спорту сярод студэнтаў» па гіравым спорце.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел 80 студэнтаў-спартсменаў з 15 устаноў вышэйшай адукацыі. Па ўзроўні спартыўнай кваліфікацыі каманды прадстаўлялі: майстры спорту – 10 чалавек, кандыдаты ў майстры спорту – 12 чалавек, першы спартыўны разрад – 28 чалавек, другі спартыўны разрад – 30 чалавек. Каманды ВНУ былі прадстаўлены спартсменамі ў васьмі вагавых катэгорыях: 60 кг, 65 кг, 70 кг, 75 кг, 80 кг, 90 кг, 100 кг і звыш 100 кг. Праграмай фестывалю прадугледжваліся спаборніцтвы ў штуршку дзвюма рукамі адначасова і рыўкамі па чарзе гірамі 24 кг ці 32 кг.

Па выніках гэтых спаборніцтваў спартсмен нашай каманды Мішчук Яўген заняў 2 месца ў вагавай катэгорыі звыш 100 кг.

Таксама з 28 лістапада па 2 снежня 2017 года ў Магілёве на базе абласной дзіцяча-юнацкай спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву прафсаюзаў «Спартак-35» прайшлі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай Універсіяды-2017 па боксе. На працягу пяці дзён за званне наймацнейшага змагаліся баксёры многіх устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны.

Студэнт чацвёртага курса факультэта фізічнага выхавання нашага ўніверсітэта Гепалаў Арцём заняў 3 месца ў вагавай катэгорыі звыш 91 кг.

Віншуем нашых рабят з паспяховымі выступленнямі на спаборніцтвах!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч, філалагічны факультэт,
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання, спартклуба

Падзяліцца: