У БрДУ адбылася сустрэча Часовага Паверанага ў справах Каралеўства Нідэрландаў у Рэспубліцы Беларусь Паула ван Ааствейна са студэнтамі

10 лістапада ў нашым універсітэце адбылася сустрэча Часовага Паверанага ў справах Каралеўства Нідэрландаў у Рэспубліцы Беларусь Паула ван Ааствейна са студэнтамі. Сустрэча праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу. Рэктар БрДУ Г.М. Сендзер прадставіла госця аўдыторыі. У сваю чаргу, Спадар Павераны паведаміў, што прадстаўляе адкрыты ў мінулым годзе офіс пасольства Нідэрландаў у Мінску.

Уступнае слова госця складалася з трох блокаў і суправаджалася цікавай прэзентацыяй. Каб ажывіць зносіны, Спадар Павераны задаваў пытанні аўдыторыі пра Нідэрланды, за правільныя адказы на якія ўручаў падарункі.

Робячы экскурс у гісторыю дзяржавы, Паул ван Ааствейн патлумачыў, чаму краіну, якую ён прадстаўляе, называюць і Нідэрландамі, і Галандыяй. Аказалася, што трэба правільна гаварыць «Нідэрланды», паколькі гэта дзяржава складаецца з 42 правінцый, толькі дзве з якіх з’яўляюцца ўласна Галандыяй. Менавіта ў Галандыі размешчаны тры галоўныя гарады Нідэрландаў: Амстэрдам, Гаага і Ратэрдам.

У наступным блоку свайго выступлення спікер закрануў адносіны Нідэрландаў з Еўрапейскім саюзам. Спадар Павераны падкрэсліў іх выключную важнасць для дзяржавы па шэрагу прычын, асноўнымі з якіх з’яўляюцца гарантыі бяспекі краіны і стварэнне вялікіх рынкаў (у першую чаргу, збыту кветак і сельгаспрадукцыі). Закрануўшы Усходняе партнёрства, Паул ван Ааствейн сказаў, што краіна ганарыцца добрымі адносінамі з такімі дзяржавамі, як Беларусь, Арменія, Грузія, Малдова і інш.

Затым Спадар Павераны перадаў слова аўдыторыі і ахвотна адказаў на яе пытанні. Студэнтаў цікавілі асноўныя напрамкі ўзаемаадносін Беларусі і Нідэрландаў, а таксама асаблівасці сістэмы адукацыі, прэстыжныя прафесіі і спорт на радзіме Паула ван Ааствейна. Студэнты даведаліся, што адносіны паміж нашай краінай і Нідэрландамі будуюцца на палітычным і эканамічным супрацоўніцтве і публічнай дыпламатыі. Цікавасць выклікала інфармацыя пра тое, што ў Нідэрландах можна вывучаць амаль усе мовы свету (толькі фіна-ўгорскім сталі надаваць менш увагі), а найбольш высокааплатнай лічыцца IT-сфера. Дзяржаўная падтрымка відаў спорту ў Нідэрландах шмат у чым залежыць ад дасягнутых у іх поспехаў.

На заканчэнне сустрэчы Ганна Мікалаеўна падзякавала Паулу ван Ааствейну за цікавы і пазнавальны дыялог з нашымі студэнтамі і ўручыла яму сувенірную прадукцыю з сімволікай нашага ўніверсітэта.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: