Працоўнае «Лета-2017» падвяло вынікі

У многіх студэнтаў восень асацыіруецца са студэнцкімі атрадамі – у гэты сезон іх удзельнікі яднаюцца ў сценах роднага ўніверсітэта і абменьваюцца яркімі ўражаннямі ад летніх працоўных будняў. 8 лістапада 2017 года пад гукі гімна Рэспублікі Беларусь адкрыўся злёт студэнцкіх атрадаў БрДУ імя А.С. Пушкіна.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў злёту выступіла рэктар універсітэта Г.М. Сендзер. Яна адзначыла, што праца 29 нашых студэнцкіх атрадаў, якія ўдзельнічалі ў прыёмнай кампаніі БрДУ, працавалі ў загарадных дзіцячых аздараўленчых лагерах, у арганізацыях горада, на палях аграпрадпрыемстваў і інш., была плённай і эфектыўнай, і што нашы рабяты гатовы несці адказнасць за будучыню краіны. Ганна Мікалаеўна узнагародзіла падзякамі рэктара лепшых камандзіраў і камісараў студэнцкіх атрадаў.

Ганаровым госцем злёту стаў выканаўца абавязкаў першага сакратара Брэсцкага гарадскога камітэта ГА «БРСМ» П.М. Піцко. Ён падзякаваў кіраўніцтву нашага ўніверсітэта за выхаванне працавітага і чулага маладога пакалення і ўручыў Ганне Мікалаеўне падзяку Брэсцкага гарадскога камітэта ГА «БРСМ». З рук Пятра Мікалаевіча падзякі гарадскога Штаба працоўных спраў атрымалі прарэктар БрДУ па выхаваўчай працы Т.В. Сакалова, педагагічны атрад «Лідар 2» і асобныя студэнты. У сваю чаргу Таццяна Васільеўна ўзнагародзіла падзякамі Штаба працоўных спраў лепшыя студэнцкія атрады.

Трэці працоўны семестр «Лета-2017» паказаў, што праца ў студатрадах дае магчымасць студэнтам стаць карыснымі роднай краіне, раскрыць лідарскія якасці, сфарміраваць прафесійныя ўменні і навыкі, а таксама набыць новых сяброў. Энтузіязм, актыўнасць і жаданне працаваць на карысць Беларусі – «тры кіты», на якіх, на думку навучэнцаў БрДУ, трымаецца студэнцкі рух.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: