Міжфакультэцкі дыспут «Экалагічная свядомасць у традыцыйнай і сучаснай культуры беларусаў»

31 кастрычніка 2017 г. у студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Фалькларыстыка і краязнаўства» адбыўся міжфакультэцкі дыспут «Экалагічная свядомасць у традыцыйнай і сучаснай культуры беларусаў» для магістрантаў сацыяльна-педагагічнага, філалагічнага факультэтаў і факультэта замежных моў Установы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна». У дыспуце, арганізаваным кіраўніком лабараторыі, прафесарам І.А. Швед і дацэнтам кафедры педагогікі М.С. Кавалевіч, таксама прынялі ўдзел студэнты.

Правядзенне міжфакультэцкага дыспуту вырашала наступныя мэты і задачы: развіццё экалагічнай свядомасці спецыялістаў-гуманітарыяў як найважнейшага складніка іх прафесійнай самасвядомасці і прафесійнай кампетэнтнасці, выхаванне павагі да прыроды і абранай прафесіі; выхаванне экалагічна адказнай асобы, фарміраванне пэўных «экалагічна дружалюбных» тыпаў паводзін будучых спецыялістаў, адпаведных прынцыпам і мэтам развіцця грамадства ў сістэме «прырода-грамадства-чалавек».

У ходзе мерапрыемства былі заслуханы даклады: «Экалагічная свядомасць у традыцыйнай культуры беларусаў» (дакладчык – І.А. Швед); «Каштоўнасці біямедыцынскай і экалагічнай этыкі ў маральнай свядомасці беларусаў: канфлікт ці ўзаемадапаўняльнасць» (М.С. Кавалевіч); «Роля сучаснай экалогіі ў вырашэнні глабальных праблем чалавецтва» (М. Калеснік, магістрант кафедры рускай літаратуры і журналістыкі філалагічнага факультэта); «Птушкі ў традыцыйнай карціне свету беларусаў» (В. Гронская, магістрант кафедры беларускай філалогіі філалагічнага факультэта); «Змеі ў каляндарных звычаях і павер’ях беларусаў» (В. Бойчык, студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта); «Экафіласофія аб аднаўленні раўнавагі ў сістэме "чалавек-прырода"» (Н. Ганчарова, студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта).

Асаблівую цікавасць у прысутных выклікалі дыскусійныя пытанні:

  • Экацэнтрычны светапогляд: ухваляем эўтаназію, аборты і пазбаўленне ад непаўнавартаснага плода?
  • Эксперымент на людзях насуперак іх волі: за і супраць.
  • У ЗША ўжо паступілі ў продаж тэсты на індывідуальныя генетычныя захворванні. Хтосьці жадае даведацца пра такі прагноз, нехта хоча застацца ў няведанні адносна сваіх шанцаў захварэць прыкладна тады. Пракаментуйце гэтую практыку.
  • Як сумясціць незаменную карысць і ўсялякія небяспекі, якія дзікая прырода тоіць для чалавека?
  • На першы погляд, чым далей углыб гісторыі чалавецтва, аж да каменнага стагоддзя, тым у большай гармоніі з прыродай жылі людзі ў параўнанні з нашымі днямі. Ці так гэта?

У ходзе дыскусіі студэнты выказалі свае меркаванні наконт розных аспектаў праблемы экалагічнай свядомасці і экалагічных паводзін, неабходнасці жыць па законах гармоніі з прыродай. На дыспуце былі закрануты пытанні арганізацыі камфортнага жыцця ў сучасным мегаполісе і на ўлонні дзікай прыроды, былі зроблены высновы пра спосабы фарміравання экалагічнай свядомасці дзяцей і моладзі ў сучаснай культуры беларусаў.

Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя «Фалькларыстыка і краязнаўства»

Падзяліцца: