Рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Нацыянальна-культурны кампанент у літаратурнай і дыялектнай мове»

21 лютага 2017 года на філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшла рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя “Нацыянальна-культурны кампанент у літаратурнай і дыялектнай мове”. Арганізатарам канферэнцыі была кафедра беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі. Вочны і завочны ўдзел у канферэнцыі ўзялі выкладчыкі, настаўнікі, аспіранты і студэнты з Беларусі (Брэст, Мінск, Віцебск, Мазыр, Гродна, Гомель, Пінск), Украіны (Вінніца) і Польшчы (Седльцэ).

Падчас пленарнага пасяджэння прагучалі даклады, якія закраналі розныя аспекты ўзаемадзеяння мовы і культуры. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі БрДУ Мікалай Мікалаевіч Аляхновіч прааналізаваў семантыку зімовых з’яў прыроды ў кантэксце ўстойлівых адзінак. Спосабы ўтварэння індывідуальна-аўтарскіх слоў у мове твораў Яўгеніі Янішчыц былі акрэслены ў выступленні Аляксея Васільевіча Солахава, дацэнта кафедры педагогікі і методык дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна. Прадметам аналізу ў дакладзе дацэнта кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Станіславы Антонаўны Каралевіч стаў прагматычны змест антрапоніма (асабовага імені ўласнага) у гаворцы вёскі Вулька Лаўская, што на Піншчыне. Доктар філалагічных навук, прафесар кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання БрДУ Васіль Іванавіч Сянкевіч разгледзеў суадносіны этнічных элементаў і нацыянальнага кампанента мовы і маўлення. У дакладзе дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі БрДУ Святланы Феадосьеўны Бут-Гусаім была акрэслена нацыянальна-культурная адметнасць антрапанімікону аўтабіяграфічнай прозы берасцейскіх пісьменнікаў – Георгія Марчука, Васіля Жуковіча, Мікалая Сянкевіча, Аляксея Філатава.

На пасяджэннях шасці секцый былі абмеркаваны такія пытанні, як нацыянальнамоўны кампанент у кантэксце мастацкіх і публіцыстычных твораў, нацыянальная адметнасць беларускай лексікі, нацыянальна-культурная спецыфіка моўнай адзінкі ў дыялектнай мове, беларускае імя ў лінгвакультуралагічным аспекце, этналінгвістычны і лінгвакраязнаўчы змест фразеалагічнай і парэміялагічнай адзінкі. У канферэнцыі ўзялі ўдзел настаўнікі Брэста і вобласці, якія разгледзелі выкарыстанне нацыянальна-культурнага кампанента пры выкладанні мовы і літаратуры ў школе і ВНУ.

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік навуковых матэрыялаў.

Дзякуем усім удзельнікам канферэнцыі
і спадзяёмся на далейшыя плённыя сустрэчы!

Кафедра беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі

Падзяліцца: