«Замежныя мовы» б’юць рэкорды

17 красавіка ў нашым універсітэце адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя «Замежныя мовы і сучасны свет». У конкурсе ўдзельнічалі артыкулы студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, прычым абмежавання па тэматыцы работ не было, галоўная ўмова – навуковая праца павінна быць напісана на замежнай мове. Акрамя артыкулаў на англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай мовах, у канферэнцыі ўдзельнічалі працы і на рускай мове, у якіх свае веды паказалі замежныя студэнты.

У гэтым годзе навуковае спаборніцтва стала рэкордным па колькасці ўдзельнікаў – заяўкі падалі 327 аўтараў. Кафедры замежных моў нашага ўніверсітэта, якая штогод займаецца арганізацыяй і правядзеннем гэтага форуму, такой цікавасці з боку студэнтаў бачыць яшчэ не даводзілася. Калі ў мінулыя гады ў спісах удзельнікаў было толькі крыху больш за сто чалавек, то цяперашні ажыятаж яскрава сведчыць аб росце папулярнасці навуковай падзеі.

Геаграфія канферэнцыі ў гэтым годзе засталася нязменнай: сярод удзельнікаў аўтары з Польшчы, Расіі, Украіны, Калумбіі. Разам з тым актывізаваліся айчынныя навучальныя ўстановы, да прыкладу, у гэтым годзе ў конкурсе ўпершыню прынялі ўдзел студэнты факультэта разведкі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Аднак лідарства па колькасці навуковых артыкулаў традыцыйна належыць Брэсцкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя А.С. Пушкіна.

Той факт, што навуковая канферэнцыя перажывае ўзлёт папулярнасці, быў заўважаны, як гаворыцца, няўзброеным вокам. Прасторная аўдыторыя, дзе праходзіла пленарнае пасяджэнне, з цяжкасцю змясціла ўдзельнікаў міжнароднага спаборніцтва. Ды і сам фармат канферэнцыі змяняецца: на пленарным пасяджэнні магістранты з Калумбіі прадставілі свой даклад з дапамогай відэасувязі, а ўзаемадзеянне дакладчыкаў і аўдыторыі перайшло з традыцыйнага маналогу ў дыялог, дзе слухачы актыўна задавалі пытанні выступоўцам.

Іншагароднім удзельнікам арганізатары далі магчымасць наведаць Сад бесперапыннага цвіцення, які размешчаны на тэрыторыі ўніверсітэта. Завяршальным этапам канферэнцыі стала пасяджэнне секцый, дзе дакладчыкі прадэманстравалі сваё аратарскае майстэрства. Зараз навуковая канферэнцыя студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў «Замежныя мовы і сучасны свет – 2015» ужо завяршыла сваю актыўную фазу, наперадзе толькі публікацыя зборніка артыкулаў, які традыцыйна выдаецца ў дзвюх частках.

Вольга Лебедзева

Падзяліцца: