З добраахвотніцтвам у сэрцы

Штогадовы фестываль «Валанцёрства – на карысць грамадства» адбыўся ў БрДУ 5 снежня. Гэтае свята мы праводзім у Міжнародны дзень добраахвотніка, таму што менавіта наш універсітэт з’яўляецца заснавальнікам валанцёрскага руху сярод вышэйшых навучальных устаноў краіны.

Студэнты, работнікі і госці ўніверсітэта сабраліся, каб парадавацца поспехам адзін аднаго, падзяліцца напрацоўкамі, абмяняцца вопытам, вызначыць перспектывы для далейшага развіцця і звярнуць увагу на праблемы, якія вырашаюць нашы валанцёры.

У прывітальным слове рэктар Ганна Сендзер адзначыла, наколькі важная валанцёрская дзейнасць у сучасным свеце, і падкрэсліла, што добраахвотніцтва – рух, які дапамагае нашым навучэнцам падняцца над уласнымі праблемамі і ўбачыць беды іншых людзей. А талерантнасць, уменне спачуваць і суперажываць дапамагаюць ім у іх добрых справах. Затым за актыўны ўдзел у добраахвотніцкай дзейнасці і фарміраванні пазітыўнага іміджу ўніверсітэта Ганна Мікалаеўна ўзнагародзіла валанцёрскія атрады і іх асобных прадстаўнікоў.

Самі студэнты падчас прэзентацыі сваіх атрадаў расказалі, як дапамагаюць людзям, якія апынуліся ў цяжкіх сітуацыях, праводзяць для іх мерапрыемствы, прапагандуюць здаровы лад жыцця ў моладзевым асяроддзі, змагаюцца за экалогію, фарміруюць пачуццё патрыятызму і актыўную грамадзянскую пазіцыю і г. д.

З цёплымі словамі выступілі госці фестывалю: дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра г. Брэста Вольга Федарук і старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ніна Саванеўская. Вольга Ціханаўна выказала падзяку атраду філалагічнага факультэта «Next» за цеснае супрацоўніцтва, а Ніна Уладзіміраўна падвяла вынікі конкурсу «Лепшы валанцёр – 2018».

Валанцёры БрДУ кожны дзень даказваюць неацэннасць і запатрабаванасць сваёй працы. У гэтай дзейнасці яны растуць духоўна і маральна. Студэнты вераць: гісторыя бескарыслівасці ў нашым універсітэце не скончыцца, а на змену ім прыйдуць годныя новыя пакаленні, якія, як і яны самі, будуць жыць з добраахвотніцтвам у сэрцы.

Ірына Шлойда (філалагічны факультэт)

Падзяліцца: