Юбілейны велапрабег памяці

У нашым універсітэце сталі традыцыйнымі велапрабегі, прысвечаныя Дню Перамогі. Гэты год не стаў выключэннем. 6 мая прайшла чарговая, дзясятая па ліку, велаакцыя. Упершыню да яе далучыліся студэнты з Туркменістана.

Перад пачаткам велапрабегу са словам на дарогу да яго ўдзельнікаў звярнуўся Леў Аркадзьевіч Шытаў. Да яго слоў і віншаванняў далучыўся дэкан факультэта фізічнага выхавання і турызму Сяргей Аляксандравіч Суркоў.

Маршрут велапрабегу традыцыйна прайшоў па месцах, звязаных з пакутніцкай смерцю савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў нашага горада.

На прыпынках студэнты і выкладчыкі добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол помнікаў, усклалі кветкі і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых.

Для нас, маладых, якія ведаюць вайну па ўроках у школе і расказах ветэранаў, было вельмі важна адчуць атмасферу ваеннага часу, яго трывог і клопатаў. У гэтым нам дапамог Леў Аркадзьевіч, які дзіцём перажыў усе жахі вайны.

Арганізатарамі мерапрыемства, як і ў мінулыя гады, сталі дацэнт кафедры анатоміі, фізіялогіі і бяспекі чалавека Анатоль Мікалаевіч Герасевіч і сакратар дэканата Алена Генадзьеўна Пархац. Выказваем шчырую падзяку ім і паважанаму Льву Аркадзьевічу Шытаву. Спадзяёмся, што традыцыя будзе мець шчаслівы працяг.

Мы памятаем: “Ніхто не забыты і нішто не забыта!”

Удзельнікі велапрабегу, студэнты 4-га курса
Ганна Шпакоўская і Дзмітрый Папіціч

Падзяліцца: