XVIII Міжнародны конкурс прамоўніцкага майстэрства «Цыцыроній–2018»

24-25 мая ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь адбыўся XVIII Міжнародны конкурс прамоўніцкага майстэрства «Цыцыроній–2018».

У конкурсе прынялі удзел 49 студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў з 11 краін: Беларусь, Украіна, Туркменістан, Азербайджан, Таджыкістан, Кітай, Японія, Венесуэла, Нігерыя і ПАР.

Брэсцкую вобласць прадставілі студэнты нашага ўніверсітэта: Павел Кажамячанка (2 курс, геаграфічны факультэт) і Станіслаў Мароз (1 курс, факультэт замежных моў).

Конкурс пачаўся з параду ўдзельнікаў: на сцэну выйшлі прадстаўнікі 25 ВНУ. У першым туры канкурсанты прадставілі ўвазе членаў журы і гледачоў выступленні ў жанры рэпартажу з месца падзеі. Выступленні суправаджаліся фота- і відэарадам.

Станіслаў Мароз прадставіў увазе публікі рэпартаж з музея-галерэі Напалеона Орды, а Павел Кажамячанка правёў цудоўную экскурсію па сваім родным горадзе Віцебску.

Курсанты ваенных ВНУ і ВНУ МУС расказалі аб здарэннях, аб руху маці, чые сыны адбываюць пакаранне за збыт і захоўванне наркотыкаў, аб жыцці без электрычнасці ў будучыні, аб службе на мяжы, аб нялёгкім жыцці ліцэістаў МНС. Прадстаўнікі цывільных ВНУ прадставілі нашай увазе рэпартажы на больш «мірныя» тэмы: пра жыццё ў беларускай глыбінцы, аб тым, як «павялічыць» шчасце, пра родных альма-матар і пра першыя рэпартажы Белтэлерадыёкампаніі.

Замежныя студэнты выступалі вельмі эмацыйна: яны падзяліліся гісторыямі аб асаблівасцях іх пражывання і вучобы ў Беларусі, студэнт з Японіі расказаў аб сваім удзеле ў ліквідацыі наступстваў землятрусу ў 2011 годзе, студэнт з Кітая навучыў нас дарыць падарункі яго суайчыннікам, а студэнтка з Нігерыі нават праспявала куплет песні «Купалінка» на беларускай мове.

У другі тур выйшлі 7 удзельнікаў, якія павінны былі выступіць з майстар-класам па мастацтве красамоўства.

Пераможцамі конкурсу сталі тры канкурсанты: курсант Акадэміі МУС Беларусі, а сярод замежных студэнтаў – прадстаўнік Ваеннай акадэміі Беларусі з Венесуэлы і студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з Японіі.

Журы адзначыла нашых маладых прамоўцаў, Станіслава Мароза і Паўла Кажамячанку, дыпломамі лаўрэатаў конкурсу. Віншуем нашых рабят!

Завяршыўся «Цыцыроній–2018» святочным канцэртам.

Л.М. Грыцук, старшы выкладчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: