Вучэбна-метадычны семінар «Крыміналістычныя экспертызы: сучасная арганізацыя і магчымасці»

5 мая 2017 года на базе Упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці адбыўся вучэбна-метадычны семінар «Крыміналістычныя экспертызы: сучасная арганізацыя і магчымасці» для студэнтаў 2 курса юрыдычнага факультэта спецыялізацыі «Судова-пракурорска-следчая дзейнасць». Арганізатарамі семінара выступілі намеснік начальніка Упраўлення ДКСЭ Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, палкоўнік юстыцыі Жыгар Уладзімір Сяргеевіч і загадчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін БрДУ імя А.С. Пушкіна Іванчына Вольга Мікалаеўна.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь пачаў сваю дзейнасць 1 ліпеня 2013 года (згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 202 ад 22 красавіка 2013 года) з мэтай забеспячэння незалежнасці экспертнай дзейнасці і павышэння яе эфектыўнасці. Структура была створана на базе Дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз, экспертных падраздзяленняў органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, Узброеных Сіл і экспертных падраздзяленняў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

На семінары перад студэнтамі выступіў начальнік упраўлення спецыяльных і тэхнічных экспертыз Упраўлення ДКСЭ Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Раманка Аляксей Валер’евіч. Яго даклад на тэму «Сучасныя магчымасці спецыяльных і тэхнічных экспертыз» дазволіў студэнтам даведацца аб відах экспертных даследаванняў, што праводзяцца ў Беларусі, аб міжнародным супрацоўніцтве з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый, Інтэрполам, а таксама аб новым абсталяванні ў лабараторыях. А.В. Раманка адзначыў, што найважнейшай функцыяй ДКСЭ з’яўляецца ажыццяўленне судова-экспертнай дзейнасці, якая стандартызавана для ўсіх структурных падраздзяленняў арганізацыі. У абласных цэнтрах праводзіцца большасць экспертыз, аднак некаторыя (напрыклад, лака-фарбавая, выбухова-тэхнічная, даследаванне рэчываў невядомай прыроды) ажыццяўляюцца ў г. Мінску. Большасць экспертыз праводзіцца па ініцыятыве Следчага камітэта (больш за палову) і органаў унутраных спраў. Суды, мытня і фізічныя асобы выступаюць ініцыятарамі экспертыз значна радзей. У цяперашні час рэалізавана важная задача – скарачэнне тэрміну правядзення практычна любой экспертызы да 30 дзён. Часам спецыфічная тэхналогія экспертызы патрабуе вялікіх тэрмінаў для яе ажыццяўлення. Сярод усіх відаў экспертыз самой распаўсюджанай выступае медыцынская (біялагічная, гісталагічная, цыталагічная і інш.), затым ідуць даследаванні на выяўленне алкаголю і наркотыкаў, трасалагічныя і псіхіятрычныя экспертызы. Сучасная тэхніка захоўвае і апрацоўвае ў сваёй базе інфармацыю больш чым пра 600 рэчываў і дазваляе не толькі выявіць наркатычныя рэчывы ў валасах або пазногцях, але і вызначыць па змыве з тканіны, ці знаходзілася такое рэчыва ў кішэні адзення.

Намеснік начальніка ўпраўлення крыміналістычных экспертыз і ўлікаў Упраўлення ДКСЭ Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Матусевіч Сяргей Сяргеевіч выступіў з дакладам пра сучасныя магчымасці крыміналістычных экспертыз. Крыміналістычныя экспертызы (дактыласкапічная, балістычная, экспертыза халоднай і кідальнай зброі, почырказнаўчая) праводзяцца ў некалькіх лабараторыях. Асаблівую ўвагу студэнтаў прыцягнула камп’ютарна-тэхнічная экспертыза – даследаванне сродкаў-носьбітаў электроннай інфармацыі. Студэнты даведаліся пра тэхнічныя магчымасці, што дазваляюць экспертам аднаўляць выдаленую інфармацыю з мабільных тэлефонаў і камп’ютараў. Колькасць кіберзлачынстваў расце ва ўсім свеце, таму работы для экспертаў у дадзеным напрамку становіцца ўсё больш.

Работнікі ДКСЭ правялі пазнавальную экскурсію па лабараторыях, падчас якой студэнты даведаліся пра метады выяўлення фальшывых грошай, пра спосабы праверкі падробленых дакументаў, вызначэнне асобы па відэаінфармацыі і адбітках пальцаў і інш. Сучасныя метады выяўлення ісціны абапіраюцца не толькі на працу дарагой апаратуры і камп’ютарных тэхналогій, але і на тэарэтычныя веды супрацоўнікаў ДКСЭ. Заключэнне кожнай экспертызы ўплывае на жыццё грамадзян, таму кошт любой памылкі вельмі дарагі. У сувязі з гэтым у лабараторыях у экспертаў, акрамя спецыяльнага абсталявання, знаходзіцца велізарны масіў даведачнай і навуковай літаратуры, неабходнай для высокапрафесійнага выканання сваёй працы.

Вучэбна-метадычны семінар даў магчымасць студэнтам даведацца шмат новага аб прафесіі судовага эксперта, а таксама пашырыць веды ў галіне сучасных тэхналогій правядзення розных экспертыз. Мерапрыемствы такога тыпу з’яўляюцца практыкаарыентаванымі, што рэалізуе рэкамендацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, агучаныя ім 21 красавіка 2017 года ў штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Практыкаарыентаванасць адукацыі – гэта аснова для якаснай адукацыі і інавацыйнага развіцця нашай краіны.

Выказваем падзяку ўсім супрацоўнікам
Упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці
за арганізацыйную, вучэбна-метадычную і інфармацыйную падтрымку семінара!

Іванчына Вольга Мікалаеўна,
загадчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін БрДУ імя А.С. Пушкіна

Падзяліцца: