VIII рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Перспектыўныя напрамкі развіцця рэгіянальнай эканомікі»

18 мая 2018 года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася ўжо восьмая па ліку рэспубліканская канферэнцыя «Перспектыўныя напрамкі развіцця рэгіянальнай эканомікі», якую арганізавала кафедра эканомікі і кіравання. На ўдзел у канферэнцыі адгукнулася больш за 100 чалавек з самых розных устаноў Беларусі.

З прывітальным словам выступіў прарэктар па навуцы А.Я. Будзько, які ў сваім выступленні адзначыў, што у нашым універсітэце надаецца вялікая ўвага навуковым даследаванням выкладчыкаў і студэнтаў. З кожным годам павялічваецца колькасць дактароў, кандыдатаў навук, прафесараў, дацэнтаў (да прыкладу, ва ўніверсітэце – больш за 50 % выкладчыкаў мае навуковую ступень або званне).

Аб стане і перспектывах развіцця эканомікі Брэсцкай вобласці паведаміў старшыня камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама М.Л. Бацэнка. Наша вобласць у 2017 годзе спрацавала досыць нядрэнна ў параўнанні з 2016 годам: былі выкананы амаль усе планавыя паказчыкі, даведзеныя ўрадам. Камітэтам эканомікі Брэстчыны падрыхтаваны на пяцігодку план, выкананне якога ў перспектыве дазволіць палепшыць дабрабыт нашых грамадзян.

Увогуле тэматыка паведамленняў вельмі разнастайная, у якіх закранаюцца аспекты сацыяльна-эканамічнага развіцця і Брэстчыны, і Беларусі, напрыклад: «Праблемы банкруцтва на прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь», «Асаблівасці фармавання прынцыпаў кіравання рызыкай ў будаўніцтве», «Праблемы ўкаранення мікразайма ў Беларусі», «Тэорыя і практыка эканамічнага росту і інавацый», «Факторынг як комплекс фінансавых паслуг для вытворцаў і пастаўляльнікаў», «Валютны рынак Беларусі: праблемы і перспектывы яго рэгулявання», «Перспектывы супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Чэшскай Рэспублікі на рэгіянальным узроўні» і інш.

Матэрыялы ўдзельнікаў канферэнцыі будуць змешчаны ў зборнік, які плануецца выдаць неўзабаве.

А. Макарэвiч, дацэнт кафедры эканомiкi i кiравання

Падзяліцца: