VIII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Славянскія мовы: сістэмна-апісальны і сацыякультурны аспекты даследавання»

23-24 лістапада 2017 года на філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна адбылася VIII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Славянскія мовы: сістэмна-апісальны і сацыякультурны аспекты даследавання», якую правяла кафедра агульнага і рускага мовазнаўства.

Канферэнцыя ўжо стала традыцыйнай з прычыны прывабнасці вылучанай праблематыкі для навукоўцаў-славістаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Расіі, Узбекістана (у гэтым годзе аргкамітэту было прапанавана больш за 120 тэм дакладаў). Сёння можна канстатаваць: кафедра ўдала вызначыла праблемнае поле канферэнцыі і прапанавала важныя тэмы для абмеркавання: лінгвакультуралагічныя праблемы славянскай лексікалогіі і фразеалогіі, актуальныя праблемы сучаснай славянскай граматыкі, дынамікі і тыпалогіі змяненняў славянскіх моў і дыялектаў, супастаўляльнае даследаванне славянскіх моў, структура і семантыка тэксту, мова мастацкай літаратуры (паэтыка, індывідуальна-аўтарскі стыль, нацыянальна-культурная спецыфіка), новыя тэндэнцыі ў славянскай лінгвадыдактыцы.

Канферэнцыю адкрыла рэктар БрДУ імя А.С. Пушкіна, доктар педагагічных навук, прафесар Г.М. Сендзер, якая пажадала яе ўдзельнікам поспехаў у дыскусіі аб шляхах развіцця і функцыянавання славянскіх моў. Беларускіх і замежных вучоных прывіталі ад імя аргкамітэта дэкан філалагічнага факультэта, дацэнт Т.В. Сянькевіч і загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства, дацэнт В.Б. Пераход.

Першы намеснік па навуковай працы ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Рэспублікі Беларусь» доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі А.А. Лукашанец адкрыў пленарнае пасяджэнне канферэнцыі дакладам «Кнігавыдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны ў славянскім і агульнаеўрапейскім кантэксце».

На пленарным пасяджэнні былі прачытаны яшчэ шэсць дакладаў: «Праблема ўзаемадзеяння мовы, дыялекту і рэгіянальнай мовы» (прафесар В.А. Маслава, г. Віцебск), «Спецыфіка інтэрпрэтацыі падзей і асоб беларускай гісторыі ў прозе Л. Дайнекі» (прафесар З.П. Мельнікава, г. Брэст), «Вобраз бабы ў кампаратыўным ракурсе чэшскай і беларускай фразеалогіі» (доктар філасофіі, кандыдат філалагічных навук І.У. Каліта, г. Усці-над-Лабем, Чэхія), «Стыхія розмовно-побутового писемного мовлення носіїв суржику» (дацэнт І.І. Брага, г. Сумы), «Арганізацыя дыстанцыйнага навучання ў ВНУ» (кандыдат педагагічных навук Н.В. Нікулічава, г. Масква), «Статыстыка ў параўнальна-гістарычным вывучэнні славянскіх моў: выкарыстанне нацыянальных моўных карпусоў для вывучэння марфалагічных працэсаў» (дацэнт В.А. Фелькіна, г. Брэст). Усе гэтыя даклады абмяркоўваліся потым і на пасяджэннях 7 секцый канферэнцыі. Тэматыка выступленняў на секцыях адлюстроўвала навуковыя інтарэсы прымальнага боку і ахапіла практычна ўсе аспекты вывучэння славянскіх моў: супастаўляльны, апісальны-сістэмны, функцыянальны, сацыякультурны, лінгвадыдактычны. На выніковым пасяджэнні кіраўнікі секцый адзначылі, што ажыўленую дыскусію выклікалі даклады па анамастыцы, лінгвадыдактыцы, лінгвакультуралогіі, ідыястылях сучасных славянскіх пісьменнікаў.

Канферэнцыя дасягнула пастаўленых задач, прадэманстраваўшы дасягненні асноўных школ у беларускай лінгвістыцы і іх уключанасць у еўрапейскі славістычны кантэкст. Аднак метадалагічная распрацоўка пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, яшчэ далёка не закончана. Таму кафедра агульнага і рускага мовазнаўства БрДУ імя А.С. Пушкіна запрашае калег-славістаў зноў сустрэцца праз два гады на гасціннай брэсцкай зямлі.

Н.М. Гурына, дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: