V конкурс «Юрыст XXI стагоддзя»

5 мая 2016 года на юрыдычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна адбыўся фінал пятага конкурсу прафесійных уменняў «Юрыст XXI стагоддзя» пры інфармацыйнай падтрымцы Аналітычнай прававой сістэмы «Бізнес-Інфа». Арганізатарамі конкурсу выступілі вучэбная лабараторыя «Юрыдычная клініка» БрДУ імя А.С. Пушкіна, п/а ГА «БРСМ» юрыдычнага факультэта і прафкам студэнтаў.

У гэтым годзе конкурс складаўся з трох адборачных тураў і фіналу. У першым туры «Інтэлектуальны марафон» прынялі ўдзел 11 каманд са студэнтаў 3 і 4 курсаў. Удзельнікам неабходна было прайсці камп’ютарнае тэставанне, што складаецца з 50 пытанняў па ўсіх галінах права.

Далей у межах тура «Саветы маладых Цыцыронаў» удзельнікам трэба было напісаць кансультацыю на зварот грамадзяніна, які знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Заданне патрабавала складання аргументаванага і абгрунтаванага дакумента, захавання фармулёвак, выразаў і тэрмінаў, звязнасці, паслядоўнасці выкладу.

Трэці тур – «Гадзіна прававых ведаў» – прайшоў на базе ДУА «Гімназія № 1» і ДУА «Сярэдняя школа № 20». Тут студэнты праводзілі інтэрактыўныя заняткі на розныя прававыя тэмы. Працу удзельнікаў ацэньвалі журы ў складзе выкладчыкаў універсітэта і школьнікі.

Па выніках трох этапаў пяць каманд прайшлі ў фінал. На першым этапе «Буду юрыстам і гэтым ганаруся» студэнты рыхтавалі прэзентацыі сваіх каманд. Другім выпрабаваннем стаў конкурс прамоўніцкага майстэрства, дзе ўдзельнікі павінны былі аспрэчыць крылаты выраз. Апошні конкурс фіналу ўяўляў сабой хатняе заданне «У кожнай казцы ёсць намёк – добрым маладцам урок». На трэцім этапе ўдзельнікі конкурсу на прыкладзе казкі, падабранай самастойна, давалі характарыстыку дзеянням казачных герояў з прававога пункту гледжання.

Пераможцамі конкурсу сталі Лазарэвіч Дзмітрый і Вашкевіч Аляксандр. Другое месца занялі Брышцен Анастасія і Ланшакова Дар’я, трэцяе – Васілеўскі Андрэй і Данілевіч Крысціна. Асобна ў намінацыі «Майстар прававой асветы» былі ўзнагароджаны Нескарадзяны Валерый і Валяева Наталля, а ў намінацыі «Майстар юрыдычнага пісьма» – Зінчук Крысціна і Клюкач Аляксандра.

Юрыдычная клініка

Падзяліцца: