У сэрцах захоўваем універсітэт

Наказ рэктара, узнагароджанне лепшых студэнтаў і кранальны вальс – у БрДУ імя А.С. Пушкіна празвінеў апошні званок для 756 выпускнікоў, сярод якіх 96 замежных грамадзян.

На ўрачыстай лінейцы “На шляху да прафесійных вяршыняў у сэрцах захоўваем універсітэт” ганаровае права падняць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь пад гукі гімна нашай краіны атрымалі выпускніца гістарычнага факультэта, уладальнік стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Таццяна Ігнацюк і выпускнік юрыдычнага факультэта, прызёр беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды 2020 г., лаўрэат Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Мікіта Харавец.

Са словам на дарогу выступіла рэктар Ганна Сендзер. “Развітальны званок сёння падводзіць вынікі вашай вучобы ва ўніверсітэце, зусім хутка вы атрымаеце дыпломы аб вышэйшай адукацыі, – звярнулася Ганна Мікалаеўна да герояў урачыстасці. – Захоўвайце ў вашых сэрцах любоў да ўніверсітэта, сяброўства, якое пачалося ў студэнцкія гады, памятайце, што на факультэтах вам заўсёды рады. Я жадаю вам здароўя, шчасця, поспехаў у здачы дзяржаўных экзаменаў і працы, жадаю быць адданымі выбраным прафесіям і сваёй краіне”.

Студэнты нашага ўніверсітэта штогод дасягаюць значных поспехаў у  навуцы, творчасці і спорце, таму важны момант свята – узнагароджанне  выпускнікоў граматамі і падзякамі рэктара.

Са словам у адказ выступілі віноўнікі ўрачыстасці. Выпускніца сацыяльна-педагагічнага факультэта Анастасія Нічыпарук і выпускнік факультэта замежных моў Батыр Атаеў адзначылі, што ва ўніверсітэце навучыліся любіць навуку, беражліва адносіцца да ведаў, адкрываць новыя далягляды ў творчасці, быць адказнымі, самастойнымі і чулымі, знайшлі новых сяброў. Батыр Атаеў выказаў словы падзякі кіраўніцтву ўніверсітэта і выкладчыкам за падтрымку замежных студэнтаў, за тое, што тут, далёка ад роднай зямлі, яны адчуваюць сябе як дома, а іх бацькі спакойныя за сваіх дзяцей. Юнакі і дзяўчаты паабяцалі рэалізаваць сябе ў абраных прафесіях, каб праслаўляць любімы ўніверсітэт і нашу краіну.

Са словамі ўдзячнасці кіраўніцтву ўніверсітэта і педагогам звярнулася маці выпускніцы фізіка-матэматычнага факультэта Сафіі Удавенка Наталля Салышка. “Паважаныя выкладчыкі, вы шчодра дзяліліся з нашымі дзецьмі цяплом сваіх сэрцаў і прафесійным вопытам, вучылі іх правільна разважаць, бачыць свет ва ўсіх яго праявах, – сказала яна. – Дзякуй вам за ўвагу і клопат”.

Канцэртная праграма, падрыхтаваная актывістамі студэнцкага клуба, дазволіла маладым людзям выказаць удзячнасць педагогам за прафесіяналізм і мудрасць з дапамогай творчасці. Завяршэннем урачыстай лінейкі сталі вальс у выкананні выпускнікоў і развітальны званок.

  

Выпускнікі БрДУ імя А.С. Пушкіна з аптымізмам адкрываюць новую старонку ў сваім жыцці і спадзяюцца, што наперадзе іх чакаюць насычаныя шчаслівымі момантамі гады. Робячы першыя крокі ў прафесію, яны будуць з цеплынёй і любоўю ўспамінаць родны ўніверсітэт.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: