У БрДУ адкрыў дзверы стацыянарны ўчастак па перапісе насельніцтва

З 4 па 30 кастрычніка 2019 года ў Рэспубліцы Беларусь праходзіць перапіс насельніцтва пад дэвізам «Погляд на сучаснае – крок у будучыню». Перапісацца можна адным з трох спосабаў: дома, анлайн або на стацыянарным участку. Адзін са стацыянарных участкаў працуе ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна (аўд. 118). Рэктар універсітэта Ганна Сендзер ужо прайшла перапіс і запрашае берасцейцаў выканаць свой абавязак.

У БрДУ запоўніць перапісныя лісты можна ў адпаведнасці з графікам:

04.10.2019 – 06.10.2019 – з 9 гадзін да 21 гадзіны.

07.10.2019 – 30.10.2019 – з 9 да 20 гадзін без выхадных.

Пажадана мець пры сабе пашпарт.

Перапісныя лісты ўключаюць 49 пытанняў, падзеленых на блокі. Неабходна падаць персанальныя дадзеныя, інфармацыю аб бесперапыннасці пражывання ў населеным пункце, аб мове, памяшканні, адукацыі, даходах (іх крыніцы) і шэраг іншых. З’явіўся гаспадарчы блок (уключае пытанні адносна жывёл, раслін і г.д.). Жанчыны ва ўзросце 18–49 гадоў павінны паведаміць і пра намер нарадзіць дзяцей.

Дадзеныя абязлічваюцца, анкета шыфруецца, іншыя асобы і арганізацыі не маюць да яе доступу.

Перапісацца анлайн можна, перайшоўшы па спасылках (www.перепись.бел або www.census.by).

Вуснае апытанне па месцы жыхарства насельніцтва, якое не прыняло ўдзелу ў перапісе на стацыянарных участках або анлайн, перапісчыкі правядуць з 21.10.2019 па 30.10.2019. У перапісчыка будзе сумка з лагатыпам, планшэт і пасведчанне.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: