Тыдзень заходняй культуры 20-х–30-х гадоў ХХ стагоддзя

З 30 сакавіка па 7 красавіка гістарычны факультэт акунуўся ў 20-я–30-я гады мінулага стагоддзя. Ініцыятыва правядзення гэтага незвычайнага мерапрыемства належыць студэнтам 2-4 курсаў і выкладчыкам кафедры ўсеагульнай гісторыі (заг. кафедры А.І. Пашковіч, дацэнт Т.М. Тахіян). Студэнты на мерапрыемстве атрымалі магчымасць пашырыць свае веды ў гісторыі, навучыцца выступаць перад аўдыторыяй, праявіць асабістую ініцыятыву і творчыя здольнасці ў танцы, музыцы, акцёрскім майстэрстве, чытанні вершаў, малюнку, фатаграфіі. Кожны дзень «Тыдня заходняй культуры 20-х–30-х гадоў ХХ стагоддзя» нас наведвалі навучэнцы ліцэяў г. Брэста.

Тыдзень стартаваў з інсцэніроўкі ў стылі нямога кіно, «знятага» Кірылам Гаўрыленкам і Раманам Чураўскім (2 курс). Танцавальная група ў складзе Веранікі Клімовіч, Марыі Гірыч, Юліі Салаўчук, Маргарыты Хоміч, Марыны Талкачовай, Марыі Васіліёгла і Вольгі Мендзель перанесла аўдыторыю на Брадвей. Першы дзень «Тыдня ...» быў прысвечаны паўсядзённай культуры Заходняй Еўропы і ЗША міжваеннага перыяду. Студэнты гістарычнага факультэта ў сукенках і касцюмах, стылізаваных пад 20–30-я гады, прадставілі дэфіле. Жаночыя прычоскі «хваляй» і шаўковыя ўборы дам на гістарычным факультэце ўніверсітэта глядзеліся чароўна. Далей прагучалі даклады пра паўсядзённае жыццё еўрапейцаў і амерыканцаў.

Другі дзень быў Днём кінематографа. Расчыніць акно ў гэты цудоўны свет дапамог вобраз Марлен Дзітрых (Анастасія Бруцкая, 4 курс), што ажыў пад музыку з кінастужкі.  Цікавае падарожжа суправаджалі маляўнічыя прэзентацыі студэнтаў з фотаздымкамі вядомых кінарэжысёраў, назвамі кінастужак, сцэнамі з фільмаў той эпохі. Сюрпрызам для гледачоў стаў зняты студэнтамі кінаролік з «Чарлі Чапліным» (Яўген Арабейка, 2 курс) і студэнткай 4 курса Ірынай Замулко ў галоўных ролях. Вечарам на гістарычным факультэце адкрылася ўпрыгожаная ілюмінацыяй рэтра-кіназала, дзе дэманстраваўся фільм Чапліна «Агні вялікага горада» (1931).

Трэці дзень быў прысвечаны выяўленчаму мастацтву і фатаграфіі. Даклады студэнтаў пагрузілі аўдыторыю ў свет мадэрнісцкай творчасці. У гэты ж дзень у рамках фотаконкурсу студэнты 2-4 курсаў гістарычнага факультэта падалі на суд гледачоў фота, стылізаваныя ў духу міжваеннай эпохі. Мерапрыемства суправаджала выстава работ навучэнцаў узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Дэкор» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста, выкананых пад кіраўніцтвам педагога студыі Гарчанюк Нілы Мікалаеўны. Выстава размясцілася ў чытальнай зале ўніверсітэта (аўд. 202).

У чацвёрты дзень мерапрыемства ў выступленнях студэнтаў знайшлі адлюстраванне літаратура, філасофія, псіхалогія той эпохі. Яркімі момантамі дня сталі кранальныя лірычныя выступленні Юліі Салаўчук, Аляксандры Корсак, Маргарыты Хоміч, Аляксандры Багдановіч, у якіх была прадстаўлена паэзія Роберта Фроста і Эдны Сент-Вінсэнт Мілей.

Пяты дзень пачаўся з рэтра-танцаў у выкананні студэнтаў гістарычнага факультэта. Пасля іх выступлення ўсе прысутныя маглі пазнаёміцца ​​з асаблівасцямі развіцця джазавай музыкі і танца міжваеннай эпохі. Усё завяршылася нумарам студэнта Музычнага каледжа г. Брэста Дамініка Сабалеўскага, які выканаў твор на саксафоне.

Спадзяёмся, што Тыдзень заходняй культуры 20-х–30-х гадоў ХХ стагоддзя стаў яркай старонкай у жыцці студэнтаў і выкладчыкаў гістарычнага факультэта.

Гістарычны факультэт

Падзяліцца: