Тыдзень нямецкай мовы: ад супрацоўніцтва да сяброўства

19 кастрычніка ў БрДУ імя А.С. Пушкіна пачаўся традыцыйны тыдзень нямецкай мовы, які штогод збірае ва ўніверсітэце гасцей з Германіі. Нашы студэнты з цікавасцю ставяцца да сустрэч з носьбітамі мовы, што даюць магчымасць даведацца пра рэаліі жыцця замежных аднагодкаў з першых вуснаў, убачыць, у чым іх погляды сыходзяцца, а ў чым адрозніваюцца. У гэтым годзе тыдзень нямецкай мовы запомніўся правядзеннем двух міжнародных семінараў, у якіх прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі з Франкфурта-на-Майне і Равенсбурга.

Гістарычна склалася, што Германія з’яўляецца ключавым еўрапейскім партнёрам Беларусі. Не дзіўна, што нямецкая мова заўсёды была сярод прыярытэтных для нашых школьнікаў і студэнтаў, калі прыходзіць час выбіраць, якую замежную мову вывучаць. Міжнародны семінар «Роля і задачы Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD) у Беларусі: перспектывы і развіццё», які быў арганізаваны старшымі выкладчыкамі кафедры замежных моў І.А. Палявой і С.В. Мілач, прайшоў ва ўніверсітэце 19 кастрычніка. Сярод слухачоў – студэнты розных факультэтаў універсітэта. А расказалі пра практыку замежных стажыровак іх аднагодкі, студэнты чацвёртага курса геаграфічнага факультэта Павел Шыла і Дар’я Герасімава, якія па праграме абмену стажыраваліся ва Універсітэце зямлі Саарланд (Саарбрукен). Госцем семінара стаў валанцёр з Франкфурта-на-Майне Фларыян Маўрэр, прадстаўнік міжнароднай арганізацыі, мэтай якой з’яўляецца папулярызацыя нямецкай мовы і культуры ў Беларусі.

Яшчэ адной падзеяй тыдня нямецкай мовы стала сустрэча, якую сапраўды можна назваць сяброўскай. Нагодай для яе стала правядзенне на базе юрыдычнага факультэта міжнароднага семінара «Беларусь і Германія: экалагічныя праблемы і шляхі іх вырашэння» з удзелам выкладчыкаў і навучэнцаў школы Эдыт Штайнер горада Равенсбург. Кіраўнік нямецкай дэлегацыі, выкладчык рускай мовы Бертрам Нольд адзначае, што сустрэчы нямецкіх школьнікаў і брэсцкіх студэнтаў – гэта ўжо шматгадовая традыцыя, якая выклікае ўзаемную цікавасць.

Удзельнікі семінара прадставілі даклады на нямецкай мове па тэме экалогіі. Выступленні нашых студэнтаў Вольгі Бойка, Дзіяны Шкурынскай, Кацярыны Нікіцюк і нямецкіх гасцей Ірыны Бялінскі, Паліны Хамесшмідт і Беніты Асевальд выклікалі цікавасць у аўдыторыі і прымусілі задумацца над праблемай забруджвання і знішчэння прыродных рэсурсаў.

Для Брэста нямецкі Равенсбург мае асаблівае значэнне: два гарады звязвае шматгадовая гісторыя паспяховага супрацоўніцтва. Нярэдка падпісанне дамовы аб пабрацімстве так і застаецца ініцыятывай, якая існуе толькі на паперы, але Брэст і Равенсбург, што парадніліся чвэрць стагоддзя таму, да іх ліку не адносяцца. Партнёры паспяхова супрацоўнічаюць у сферы эканомікі і культуры, не саступаюць высокім паказчыкам і сувязі ў адукацыі.

Вольга Лебедзева

Падзяліцца: