“Цуды каля ёлкі”

БрДУ імя А.С. Пушкіна працягвае марафон Рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” па падтрымцы дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, а таксама дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей.

Напярэдадні старога Новага года, 13 студзеня, да дабрачыннай кампаніі “Ёлка жаданняў” (пад эгідай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа) далучылася кіраўніцтва ўніверсітэта, дэканы факультэтаў, аддзел выхаваўчай працы з моладдзю і бухгалтэрыя: для выхаванцаў дзіцячага сада № 68 г. Брэста былі набыты цацачныя дзіцячыя чыгункі, паркінг, мадэлі машын з пультам кіравання, праектар зорнага неба, калонкі, музычная кніга, мячы і інш.

Валанцёры БрДУ імя А.С. Пушкіна падрыхтавалі інтэрактыўную пастаноўку “Цуды каля ёлкі”: бадзёрыя гульні са Снегавіком і Нязнайкам, вясёлыя танцы з Бабай Ягой і Піратам дапамаглi Снягурачцы разам з дзецьмi адшукаць Дзеда Мароза.

У канцы святочнай пастаноўкі ўсе дзеці атрымалі жаданыя падарункі. Дзед Мароз і Снягурачка пажадалі выхаванцам дзіцячага сада моцнага здароўя і добрага настрою.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: