Сустрэча кіраўніка УУС Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёра міліцыі Аляксандра Астрэйкі са студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна

Сустрэча кіраўніка УУС Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёра міліцыі Аляксандра Астрэйкі і кіраўніка АУС адміністрацыі Ленінскага раёна горада Брэста палкоўніка міліцыі Сяргея Дзмітрука са студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна адбылася 21 лістапада. Прадстаўляючы гасцей, рэктар БрДУ Ганна Сендзер задала фармат – адкрыты дыялог. Галоўная мэта сустрэчы – перасцерагчы моладзь ад неабдуманых учынкаў.

Ва ўступным слове Аляксандр Вячаслававіч адзначыў тры напрамкі, пра якія пойдзе гаворка ў час мерапрыемства – кіберзлачынствы, прафілактыка наркаманіі і злачынствы, звязаныя з распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў.

Большая частка гутаркі была прысвечана першаму пытанню, бо ахвярамі кібератакі ў свеце штодня становяцца 1,5 млн. чалавек. Асаблівую ўвагу Аляксандр Астрэйка надаў злачынствам у сацыяльных сетках, таму што моладзь, і студэнты, у прыватнасці, з’яўляюцца самымі актыўнымі карыстальнікамі. «Няпоўная дасведчанасць нашых грамадзян і іх даверлівасць – асноўныя прычыны такіх злачынстваў», – паведаміў ён. Узлом сацыяльных сетак адбываецца з дапамогай якой-небудзь прапановы ад карыстальніка пад выглядам нашых віртуальных сяброў з разлікам на нашу даверлівасць. 80 % карыстальнікаў Інтэрнэту, не задумваючыся, паведамляюць асабістую інфармацыю трэцім асобам. «На дадзены момант у Брэсцкай вобласці заведзена 320 крымінальных спраў у сферы высокіх тэхналогій», – прывёў статыстыку Аляксандр Вячаслававіч.

Аляксандр Астрэйка расказаў, што існуюць спосабы абароны: складаныя паролі, больш уважлівы зварот са спасылкамі, што нам дасылаюць, і прывязванне старонак у Інтэрнэце менавіта да мабільнага тэлефона, а не да электроннай пошты, што дазваляе атрымаць імгненнае апавяшчэнне аб ўваходзе на асабісты сайт.

Нямала злачынстваў звязана і з банкаўскімі картамі, якімі ў нашай краіне карыстаецца 95% насельніцтва. Гаворка ішла таксама аб так званым скімінгу – крадзяжы згаданай карты з дапамогай спецыяльнай счытвальнай прылады (скімера): зламыснікі капіруюць усю інфармацыю з магнітнай паласы, а даведацца пін-код ім дазваляюць міні-камеры, устаноўленыя на банкаматах.

Яшчэ адна важная тэма – наркаманія. Усплёск злачынстваў назіраўся ў 2014–2016 гг., калі ў Беларусь прыйшлі курыльныя сумесі – спайсы. Гэта адбылося з-за негатовасці дзяржавы змагацца з падобнай праблемай, бо формулы рэчыва пастаянна мяняліся, а ўнясенне ў спіс забароненых займала досыць доўгі час. Пазней на заканадаўчым узроўні замацавалі: калі формула ядра таго ці іншага рэчыва ёсць у спісе забароненых, само рэчыва таксама прызнаецца забароненым.

Прыемна, што ў цяперашні час назіраецца спад наркатычных злачынстваў, адной з прычын можна назваць узмацненне жорсткасці меры пакарання за рэалізацыю і распаўсюджванне наркотыкаў – да 25 гадоў пазбаўлення волі. «У рэальным свеце барацьба міліцыі з наркаманіяй знаходзіцца на высокім узроўні, – адзначыў Аляксандр Астрэйка. – Выходзім на больш узмоцнены кантроль у сусветнай павуціне ».

Затым Аляксандр Вячаслававіч адказаў на пытанні студэнцкай моладзі аб крымінагеннай абстаноўцы па Брэсцкай вобласці ў цэлым і аб мерах папярэджання злачыннасці.

У канцы сустрэчы Аляксандр Астрэйка пажадаў усім дасягнуць поспехаў у вучэбнай і прафесійнай дзейнасці, а таксама стваральна працаваць на карысць працвітання і спакою нашай краіны.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: