Суботнік у БрДУ імя А.С. Пушкіна

З 14 па 23 красавіка прайшлі мерапрыемствы па добраўпарадкаванні тэрыторый універсітэта, а таксама замацаваных аб’ектаў.

Гэтыя мерапрыемствы былі прымеркаваны да Рэспубліканскага суботніка, што адбыўся 23 красавіка. Аднак студэнты і выкладчыкі пачалі працу задоўга да афіцыйнага пачатку суботніка. Так, 11 красавіка была праведзена санітарная ўборка тэрыторыі на вуліцы Дзяржынскага. У наступныя дні падобныя мерапрыемствы прайшлі на іншых аб’ектах, што знаходзяцца ў зоне адказнасці ўніверсітэта. У прыватнасці, 12 красавіка сіламі студэнтаў і выкладчыкаў прыбрана тэрыторыя на вуліцы 9 студзеня. 14 красавіка падобныя мерапрыемствы прайшлі адразу на некалькіх пляцоўках: Брэсцкая крэпасць-герой, сквер імя 50-годдзя УА БрДУ імя А.С. Пушкіна, Сад бесперапыннага цвіцення, а таксама тэрыторыі, прылеглыя да інтэрнатаў універсітэта.

З 15 па 22 красавіка студэнты і выкладчыкі прывялі ў парадак мемарыяльныя дошкі, што адносяцца да ўніверсітэта. Таксама мерапрыемствы прайшлі на гарнізонных могілках, у навучальных карпусах, а таксама на іншых прымацаваных аб’ектах.

У суботу, 23 красавіка, да агульнага працоўнага парыву далучылася і адміністрацыя навучальнай установы. Рэктарат на чале з рэктарам БрДУ Ганнай Мікалаеўнай Сендзер прыняў удзел у санітарнай уборцы інтэрната на вуліцы Леніна, 68.

Агульная працоўная дзейнасць дазволіла яшчэ лепш згуртаваць калектыў нашай навучальнай установы.

Антон Папоў

Падзяліцца: