Спартакіяда – з года ў год

6 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё 70-й спартакіяды студэнтаў БрДУ імя А.С. Пушкіна і падвядзенне вынікаў 69-й круглагадовай спартакіяды. Праграма спартакіяды ўключала ў сябе спаборніцтвы па 7 відах спорту. У столькіх жа відах спорту праходзіла і круглагадовая спартакіяда сярод студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнатах. Вынікі падводзіліся ў 4 намінацыях: першынства сярод мужчынскіх і жаночых каманд; агульнае першынства і першынства сярод каманд інтэрнатаў.

69-я круглагадовая спартакіяда 2015/2016 навучальнага года стартавала ў кастрычніку 2015 года ў Парку імя 1 мая з першынства ўніверсітэта па лёгкаатлетычным кросе «Залатая міля». Гэта было самае маштабнае па колькасці ўдзельнікаў спаборніцтва нашай спартакіяды. Каля 300 студэнтаў розных спецыяльнасцей змагаліся за званне самага хуткага бегуна ўніверсітэта. Сярод жаночых каманд месцы размеркаваліся наступным чынам: 3 месца – каманда гістарычнага факультэта, 2 месца – каманда біялагічнага факультэта, 1 месца – каманда факультэта фізічнага выхавання. Сярод мужчынскіх каманд 3 месца заняла каманда гістарычнага факультэта, 2 месца – каманда фізіка-матэматычнага факультэта, 1 месца – каманда факультэта фізічнага выхавання.

Лістапад перанёс нас у спартыўную залу, дзе праходзілі гарачыя міні-футбольныя баталіі сярод мужчынскіх каманд. Вынікі гэтага спаборніцтва: 3 месца – каманда сацыяльна-педагагічнага факультэта, 2 месца – каманда юрыдычнага факультэта, 1 месца – каманда факультэта фізічнага выхавання.

Снежань. Мы пераходзім да гульні па форме, да мастацтва па змесце, а па цяжкасці авалодання майстэрствам – да навукі. Як вы ўжо зразумелі, гаворка ідзе пра першынства ўніверсітэта па шахматах. Прызавыя месцы ў гэтых спаборніцтвах размеркаваліся так: 3 месца – каманда геаграфічнага факультэта, 2 месца – каманда гістарычнага факультэта, 1 месца – каманда фізіка-матэматычнага факультэта.

Люты. Спартыўныя спаборніцтвы ў сценах нашай навучальнай установы мелі працяг у першынстве па настольным тэнісе. Сярод жаночых каманд 3 месца на гэтым першынстве заняла каманда факультэта замежных моў, 2 месца – каманда псіхолага-педагагічнага факультэта, 1 месца – каманда факультэта фізічнага выхавання. Сярод мужчынскіх каманд 3 месца заняла каманда гістарычнага факультэта, 2 месца – каманда фізіка-матэматычнага факультэта, 1 месца – каманда фізіка-матэматычнага факультэта.

Таксама ў лютым у спартыўнай зале для гульнявых відаў спорту адбылося першынства ўніверсітэта па баскетболе. Яго вынікі: 3 месца заняла каманда фізіка-матэматычнага факультэта, 2 месца – каманда геаграфічнага факультэта, 1 месца – каманда факультэта фізічнага выхавання.

У сакавіку басейн спарткомплексу прымаў галоўны плавальны старт года для нашых студэнтаў – першынства ўніверсітэта па плаванні. Лепшымі вынікамі ў гэтым спорце сярод мужчынскіх каманд могуць ганарыцца: каманда гістарычнага факультэта – 3 месца, каманда юрыдычнага факультэта – 2 месца, каманда факультэта фізічнага выхавання – 1 месца. Сярод жаночых зборных лепшымі сталі: 3 месца – каманда факультэта замежных моў, 2 месца – каманда факультэта замежных моў, 1 месца – каманда факультэта фізічнага выхавання.

Каралева спорту – лёгкая атлетыка – зноў вабіць сваіх падданых перамогамі, прызамі і, вядома ж, агульнаўніверсітэцкай славай. Студэнты спаборнічалі на бегавых дарожках у рамках зараз ужо вясновага лёгкаатлетычнага кросу. Сярод жаночых каманд 3 месца заняла каманда філалагічнага факультэта, 2 месца – каманда юрыдычнага факультэта, 1 месца – каманда факультэта фізічнага выхавання. Сярод мужчынскіх каманд 3 месца – каманда гістарычнага факультэта, 2 месца – каманда фізіка-матэматычнага факультэта, 1 месца – каманда факультэта фізічнага выхавання.

Узнагароджанне пераможцаў 69-й спартакіяды 2015/2016 навучальнага года пачалося з прызёраў спаборніцтваў спартакіяды студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнатах Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Па яе выніках 3 месца ў агульным заліку заняла каманда інтэрната № 1, 2 месца заваявала каманда інтэрната № 2, а ганаровае 1 месца дасталася камандзе інтэрната № 4.

Сярод жаночых зборных 69-й спартакіяды з удзелам факультэтаў 3 месца заняла каманда фізіка-матэматычнага факультэта, 2 месца дасталася камандзе факультэта замежных моў, а перамагла ў гэтай намінацыі жаночая зборная факультэта фізічнага выхавання.

У другой намінацыі – «Першынства сярод мужчынскіх каманд» – па выніках спартакіяды 3 месца заняла каманда гістарычнага факультэта, 2 месцакаманда фізіка-матэматычнага факультэта, а перамагла ў гэтай намінацыі мужчынская зборная факультэта фізічнага выхавання.

Нарэшце, у агульным заліку 3 месца заняла каманда гістарычнага факультэта, 2 месцакаманда фізіка-матэматычнага факультэта, а галоўным трыумфатарам спартакіяды стала зборная факультэта фізічнага выхавання.

Прызы для ўзнагароджання пераможцаў былі падрыхтаваны рэктаратам і прафкамам студэнтаў універсітэта.

Спартыўны клуб

Падзяліцца: