Шосты Рэспубліканскі фестываль «Тыдзень спорту і здароўя» ў БрДУ імя А.С. Пушкіна

Рэспубліканскі фестываль «Тыдзень спорту і здароўя» штогод арганізуецца Міністэрствам адукацыі сумесна з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам спорту і турызму ў мэтах кансалідацыі намаганняў работнікаў адукацыі, фізічнай культуры і спорту для прапаганды здаровага ладу жыцця сярод дзяцей, моладзі і дарослых і ўключэння іх у сістэматычныя заняткі фізічнай культурай і спортам.

Наш універсітэт традыцыйна прыняў актыўны ўдзел у гэтым свяце здароўя і фізічнай актыўнасці. У перыяд з 15 па 21 верасня 2018 года прафсаюзны камітэт работнікаў БрДУ імя А.С. Пушкіна сумесна з факультэтам фізічнага выхавання ў рамках Рэспубліканскага фестывалю спорту і здароўя правялі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных прапагандзе фізічнай культуры і спорту сярод студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта.

17 верасня ў гімнастычнай зале старшы выкладчык кафедры спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання Клос Аксана Міхайлаўна ў майстар-класе па стрэйчынгу для работнікаў універсітэта прадэманстравала магчымасці выкарыстання практыкаванняў для гнуткасці ў занятках з людзьмі розных узроставых груп і ўзроўня фізічнай падрыхтаванасці. 19 верасня ў гімнастычнай зале Аксана Міхайлаўна правяла майстар-клас па фітбол-гімнастыцы і расказала прысутным пра асаблівасці выкарыстання фітбол-мячоў у самастойных фізкультурна-аздараўленчых занятках, а таксама яшчэ раз адзначыла неабходнасць сістэматычных заняткаў рознымі відамі фізічнай культуры для ўмацавання здароўя і захавання актыўнага працоўнага даўгалецця работнікаў нашага ўніверсітэта.

20 верасня ўсе ахвотныя прынялі ўдзел у Адзіным дні плавання. Прафкам работнікаў забяспечыў усіх членаў прафсаюза бясплатным уваходам у плавальны басейн і ўручыў падарункі ўсім удзельнікам гэтага мерапрыемства. У гэты ж дзень пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры фізічнай культуры Мілашук Наталлі Сцяпанаўны ўсе жадаючыя атрымалі майстар-клас па выкарыстанні сродкаў аквааэробікі ў аздараўленні свайго арганізма.

І на заканчэнне Рэспубліканскага фестывалю 21 верасня ў сценах спартыўнага комплексу прайшла таварыская матчавая сустрэча па настольным тэнісе сярод мужчын, у якой прынялі ўдзел аматары гэтага алімпійскага віду спорту з нашага і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэтаў. У серыі з дзевяці гульняў наймацнейшымі сталі майстры малой ракеткі з БрДТУ. Сяброўская атмасфера праведзенай сустрэчы дазволіла кожнаму спартсмену атрымаць максімум карысці для сябе і свайго здароўя. Усе ўдзельнікі матчавай сустрэчы былі ўзнагароджаны прафкамамі падарункавымі сертыфікатамі за актыўны і рэгулярны ўдзел у спартыўным жыцці ўніверсітэтаў і прапаганду фізічнай культуры і спорту сярод навучэнцаў i работнікаў.

Атмасфера гэтага фестывальнага тыдня палала энергіяй, здароўем і пазітывам, у чарговы раз нагадваючы, што ў БрДУ імя А.С. Пушкіна не толькі студэнты, але і работнікі ўмеюць займацца фізічнай культурай і спортам і робяць сваё жыццё з дапамогай фізічных практыкаванняў больш актыўным і здаровым!!!

А.М. Клос, старшы выкладчык
кафедры спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання

Падзяліцца: