Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Праблемы прававога рэгулявання грамадскіх адносін: тэорыя, заканадаўства, практыка»

25 лістапада 2016 года ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна была праведзена ўжо традыцыйная Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Праблемы прававога рэгулявання грамадскіх адносін: тэорыя, заканадаўства, практыка». Арганізатарам мерапрыемства стала кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася намеснік дэкана юрыдычнага факультэта па навуковай працы, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Галіна Іванаўна Займіст, якая адзначыла значнасць арганізацыі і правядзення навукова-практычных канферэнцый такога тыпу. Таксама на адкрыцці мерапрыемства выступіла дэкан юрыдычнага факультэта, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Алена Мікалаеўна Грыгаровіч. Яна падкрэсліла, што БрДУ імя А.С. Пушкіна ўжо традыцыйна займае пазіцыі лідара ў Беларусі па найважнейшых паказчыках навукова-даследчай працы, а таксама па ліку выкладчыкаў, якія маюць вучоныя ступені і вучоныя званні. Акрамя таго, Алена Мікалаеўна адзначыла высокі ўзровень мерапрыемства, якое кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права нароўні з іншымі навукова-практычнымі канферэнцыямі праводзіць сістэматычна з перыядычнасцю 1 раз у 2 гады.

Пленарнае пасяджэнне вяла загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Чмыга Аксана Васільеўна.

Нягледзячы на тое, што мерапрыемства мае рэспубліканскі статус, адметнай асаблівасцю гэтай канферэнцыі стала тое, што ў ёй прыняла ўдзел значная колькасць замежных даследчыкаў (у тым ліку дактароў і кандыдатаў навук) з Украіны (Кіеў, Харкаў, Адэса, Запарожжа, Львоў, Днепрапятроўск) і Расіі (Масква, Разань, Ноўгарад). Замежныя госці прынялі ўдзел і ў пленарным пасяджэнні канферэнцыі. У прыватнасці, з дакладамі выступілі:

  • Апараў Андрэй Мікалаевіч, загадчык кафедры гаспадарчага і транспартнага права Кіеўскай дзяржаўнай акадэміі воднага транспарту імя гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага з дакладам «Да пытання прымянення норм грамадзянскага права і грамадзянскага заканадаўства да ўрэгулявання гаспадарчых адносін на Украіне»;
  • Бурдзін Міхаіл Юр’евіч, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта ўнутраных спраў, кандыдат юрыдычных навук з дакладам «Бесперапыннасць прававога рэгулявання як умова яго эфектыўнасці»;
  • Расіхін Васіль Васільевіч, прафесар Нацыянальнага юрыдычнага ўніверсітэта імя Яраслава Мудрага, доктар юрыдычных навук з дакладам «Ідэйныя аспекты крымінальна-прававой дактрыны на пачатковым этапе станаўлення дзяржаўнасці Украіны»;
  • Расіхіна Галіна Уладзіміраўна, прафесар кафедры дзяржаўна-прававых дысцыплін Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя В.М. Каразіна, доктар юрыдычных навук з дакладам «Тэарэтычныя пытанні актаў прымянення норм фінансавага права».

Таксама на пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі беларускія даследчыкі:

  • Абдурахманаў Аляксандр Амангельдыевіч, дацэнт кафедры крыміналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат юрыдычных навук з дакладам «Аб некаторых напрамках адміністрацыйна-прававога забеспячэння дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь»;
  • Андрыяшка Марына Васільеўна, загадчык кафедры дзяржаўнага кіравання і крымінальна-прававых дысцыплін Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат юрыдычных навук з дакладам «Канцэптуальныя арыенціры нацыянальных дэмаграфічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у аспекце ўмацавання сям’і».

Пасля пленарнага пасяджэння праца канферэнцыі была арганізавана па шасці секцыях, на якіх абмяркоўваліся актуальныя праблемы тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, канстытуцыйнага, адміністрацыйнага, мытнага, грамадзянскага, сямейнага, грамадзянска-працэсуальнага, крымінальнага права, міжнароднага публічнага права. Па выніках працы секцый былі вылучаны лепшыя дакладчыкі.

Усяго ў працы канферэнцыі прыняло ўдзел 8 дактароў навук, 35 кандыдатаў навук, 8 прафесараў, а таксама даволі высокая колькасць правапрымяняльнікаў, выкладчыкаў, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў. Агульная колькасць заявак, пададзеных для ўдзелу на канферэнцыі, склала 210.

Юрыдычная клініка

Падзяліцца: