Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і педагагічным работнікам

Год навукі павінен стаць знакавым і сапраўды пераломным. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка 26 студзеня на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і педагагічным работнікам.

Навуку часта параўноўваюць з акіянам – стыхіяй, шмат у чым нязведанай, але здольнай адкрыць перад чалавекам тысячы магчымасцей. «І праўда, у бурлівым патоку пошуку і адкрыццяў пераможцам стане толькі той, хто, смела выходзячы за межы стандартнага, ідзе новымі сцежкамі і шляхамі. Толькі паставіўшы перад сабой высокую, магчыма, невыканальную мэту, можна наблізіцца да чаго-небудзь сапраўды важнага», – перакананы Кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць, што менавіта такія мэты ставяць перад сабой сапраўдныя вучоныя.

«Хачу, каб вы разумелі – будучыня краіны сёння ў вашых руках», – заявіў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў: «У нас няма геапалітычных амбіцый, самае галоўнае для нас – зберагчы гэты кавалачак зямлі. Усе праблемы ў сувязі з гэтым, як ні дзіўна, ляжаць у сферы эканомікі. Эканоміка ў нас абсалютна адкрытая. І нам трэба яе захаваць у вельмі жорсткай канкурэнтнай барацьбе. А канкурэнцыі без навукі не бывае». «Нам проста неабходна аргументаванае, непрадузятае меркаванне кампетэнтных спецыялістаў, – лічыць Кіраўнік дзяржавы. – Асабліва сёння, калі робяцца асобныя спробы паставіць пад пытанне суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы».

«Менавіта з перадавымі распрацоўкамі непасрэдна звязаны рост нашага дабрабыту і інтэлектуальнае развіццё нацыі, – перакананы Кіраўнік дзяржавы. – Яны вызначаюць у канчатковым выніку ўзровень эканамічнай канкурэнтаздольнасці дзяржавы на міжнароднай арэне. Больш за тое – гарантуюць яе палітычную вагу ў свеце».

Сёння ў навукоўцаў сапраўды ўрачысты дзень і не звычайная падзея – уручэнне дыплома доктара навук ці атэстата прафесара. Паводле слоў Прэзідэнта, цырымонія мае асаблівую значнасць для Беларусі. «Яна фактычна адкрывае аб’яўлены ў краіне Год навукі. Год, які закліканы стаць для гэтай сферы знакавым і сапраўды пераломным. Гаворка ідзе не пра нейкія маштабныя мерапрыемствы або новыя адкрыцці. Усё гэта, вядома, істотнае. Але што значна важнейшае – у гэты год мы павінны надаць галіне новае гучанне, якасна абнавіць яе структуру», – падкрэсліў Прэзідэнт.

www.belta.by

У цырымоніі прыняў удзел загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч, якому Кіраўнік дзяржавы ўручыў атэстат прафесара па спецыяльнасці «Гісторыя».

Калектыў работнікаў і навучэнцаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна віншуе Аляксандра Мікалаевіча з прысваеннем вучонага звання прафесара і жадае далейшых творчых поспехаў на карысць роднай Беларусі!

Падзяліцца: