Поспех Беларусі – мой асабісты поспех: выпускнікі БрДУ на Рэспубліканскім балі

Выдатнікі, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, лаўрэаты спецфондаў Прэзідэнта – больш за 200 выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў краіны прынялі ўдзел у Рэспубліканскім балі выпускнікоў 25 чэрвеня. БрДУ імя А.С. Пушкіна на гэтым свяце музыкі і танцаў, любові і надзей прадстаўлялі Яніна Прыбытка (фізіка-матэматычны факультэт), Вікторыя Старынская (факультэт фізічнага выхавання), Агулджан Таганава (гістарычны факультэт), Сяргей Жук (гістарычны факультэт) і Павел Юхнюк (геаграфічны факультэт).

Вядома, самая важная частка балю – выступленне Прэзідэнта і ўручэнне падзяк Прэзідэнта. У звароце да залатой моладзі Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лёс кожнага выпускніка неабыякавы дзяржаве. «Сёння вы сталі на самастойны шлях, – звярнуўся да герояў урачыстасці беларускі лідар. – Сімвалічна, што гэты старт прыйшоўся на той час, калі ў Мінску праходзяць ІІ Еўрапейскія гульні. Будзьце і вы, як спартсмены, заваёўнікамі вяршыняў. Мары трэба ўвасабляць у жыццё, а працаваць – на вынік». У Год малой радзімы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба рабіць будучыню беларускага краю шчаслівай не толькі для сябе, але і для наступных пакаленняў.

Словы Кіраўніка дзяржавы блізка да сэрца прыняла выпускніца нашага ўніверсітэта Яніна Прыбытка. У тую ж хвіліну яна ў думках паабяцала, што будзе прытрымлівацца яго пажадання.

Яніна – уладальнік стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; двойчы з’яўлялася лаўрэатам прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў; уладальнік дыплома ІІ ступені ў намінацыі «Бальны танец» на рэспубліканскім фестывалі «Арт-вакацыі – 2016», дыплома за ўдзел у конкурсе «Новыя імёны Беларусі – 2015»; уладальнік звання «Студэнт года – 2016» БрДУ імя А.С. Пушкіна. Вельмі хутка дзяўчына зойме сваё першае працоўнае месца – яе размеркавалі ў ТАА «Epol Soft» – паспяховую IT-кампанію.

Сапраўдная лэдзі Яніна стала рыхтавацца да святочнага вечара задоўга да яго пачатку, для яе запрашэнне на Рэспубліканскі баль – як пуцёўка ў новае, абавязкова шчаслівае жыццё. Выбар элегантнай сукенкі і туфляў, прадумванне прычоскі і макіяжу – выглядаць хацелася на ўсе 100 %, да таго ж любоў да бальных танцах і практычнае веданне ўсіх іх элементаў да гэтага абавязвалі.

Астатнія прадстаўнікі БрДУ на балі рыхтаваліся да знамянальнай падзеі таксама доўга і адказна. Яны адзначылі чароўную і незабыўную атмасферу ўрачыстасці – ад імправізаванай дарожкі да паветраных танцаў. Адораныя і таленавітыя юнакі і дзяўчаты ўпэўнены, што поспех Беларусі – іх асабісты поспех, а таму яны назаўжды запомняць пажаданне Прэзідэнта і будуць дабівацца высокіх паказчыкаў у працы, каб скарбонка дасягненняў любімай краіны з кожным днём станавілася больш важкай.

Сённяшнія выпускнікі старанна ішлі да сваёй мэты – і вось Рэспубліканскі баль як першае вялікае прызнанне таго, што яны ўсё робяць правільна на абраным шляху.

Выпускнікі, якія пабылі на Рэспубліканскім балі, – гонар бацькоў і педагогаў. Дарэчы, пра выкладчыкаў. Ім, упэўненым у тым, што веды, якія даюць вышэйшыя навучальныя ўстановы, – аснова дабрабыту і працвітання малой радзімы і Беларусі ў цэлым, Прэзідэнт таксама ўручыў падзякі.

Выпускнікі выказваюць падзяку Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку, рэктару ўніверсітэта Ганне Сендзер, дэканам факультэтаў і кожнаму выкладчыку, бо перакананы, што шматлікія перамогі і ўдзел у Рэспубліканскім балі – заслуга агульная.

Юлія Воўк,
студэнцкі клуб

Падзяліцца: