Пасвячэнне першакурснікаў у студэнты – 2015

16 верасня ў ЦМТ адбылося ўрачыстае пасвячэнне першакурснікаў у студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

У пачатку праграмы вядучыя пазнаёмілі гледачоў пры дапамозе мультымедыя-прэзентацыі з разнастайнымі мерапрыемствамі і конкурсамі, якія штогод праходзяць ва ўніверсітэце. Першакурснікі ўбачылі, як шмат спосабаў і магчымасцей праявіць сваю творчую індывідуальнасць адкрывае перад імі альма-матар. Са словамі прывітання да пачаткоўцаў звярнулася рэктар Г.М. Сендзер.

Яркая і цікавая канцэртная праграма з узрушальнымі вакальнымі і харэаграфічнымі нумарамі, выступленнем каманды КВЗ, а таксама творчымі выступленнямі прызёраў і пераможцаў розных універсітэцкіх конкурсаў вельмі ўразіла нашых першакурснікаў. Яны ўбачылі яркі прыклад таленту і працавітасці сваіх старэйшых калег-студэнтаў, якія любяць і ведаюць сваю справу, могуць не толькі добра вучыцца, але таксама і прымаць удзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта.

Канцэрт завяршыўся агульнай клятвай першакурснікаў. Узяўшыся за рукі, студэнты ўрачыста вымавілі такія важныя для кожнага слова абяцанні – быць паспяховымі ў вучобе і клапаціцца аб сваім універсітэце. Студэнцкае жыццё толькі пачынаецца. Наперадзе сесія, экзамены, залікі, і хочацца верыць, што ў кожнага з першакурснікаў яна будзе яркай і запамінальнай.

Студэнцкі клуб

Падзяліцца: