Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года»

Валанцёрства – гэта не толькі школа выхавання чалавечнасці і стартавая пляцоўка асобаснага росту, гэта ўніверсальны рух, які дапамагае тым, хто мае ў ім патрэбу, і самому добраахвотніку падняцца над уласнымі праблемамі і ўбачыць беды і клопаты іншых людзей. У мэтах падтрымкі і развіцця моладзевага валанцёрскага руху з 26 верасня па 2 снежня 2016 года пад эгідай Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра і БДПУ імя Максіма Танка ў Рэспубліцы Беларусь праходзіў рэспубліканскі конкурс «Валанцёр года». 2 снежня ў г. Мінску на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу.

Конкурс праводзіўся ў намінацыях «Валанцёр года», «Лепшы валанцёрскі атрад», «Лепшы валанцёрскі праект» па напрамках: «Сацыяльнае валанцёрства»; «Валанцёрства ў ЗЛЖ (прапаганда здаровага ладу жыцця, дапамога ў арганізацыі ў спартыўна-масавых мерапрыемствах)»; «Эка-валанцёрства»; «Валанцёрства ў культурнай спадчыне». Было пададзена больш за 60 заявак, у тым ліку – ад студэнтаў і супрацоўнікаў інтэрната № 4 студэнцкага гарадка БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Студэнты гістарычнага факультэта Улад Гумін, Кацярына Букса і Захар Карпінчык прадставілі дзейнасць валанцёрскага атрада «Вернутыя імёны» ў намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад» і трапілі ў шэрагі ўдзельнікаў-фіналістаў конкурсу.

Студэнтка сацыяльна-педагагічнага факультэта Іна Цярковіч, камандзір Акадэміі добраахвотніцтва, змагалася за перамогу ў конкурсе адразу ў дзвюх намінацыях: «Валанцёр года» і «Лепшы валанцёрскі праект» (накірунак «Сацыяльнае валанцёрства») з праектам «На сустрэчу адзін аднаму».

Галіна Карабчук і Ганна Дабрадзей (педагог-арганізатар і выхавальнік інтэрната № 4 адпаведна) падалі на конкурс праект «Бяспечнае замежжа» валанцёрскага атрада «Элпіс» у намінацыі «Лепшы валанцёрскі праект» (накірунак «Сацыяльнае валанцёрства»).

Правядзенне ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу было прымеркавана да Сусветнага дня валанцёра, які адзначаецца 5 снежня. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел: міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў, рэктар БДПУ Аляксандр Жук, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Людміла Макарына-Кібак, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Таццяна Якубовіч, намеснік міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Вадзім Закрэўскі, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Пшанічная, старшыня Праўлення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Ліга добраахвотнай працы моладзі» Вольга Шмігельская, сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», каардынатар валанцёрскага руху ГА «БРСМ» «Добрае Сэрца» Вікторыя Меннанава, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» Дмітрый Субцэльны, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Алена Фадзеева, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Ларыса Жур.

Усім удзельнікам конкурсу былі ўручаны сертыфікаты і эксклюзіўныя салодкія падарункі. Пераможцы і прызёры ў намінацыях былі ўзнагароджаны памятнымі сувенірамі і дыпломамі. А цудоўным дадаткам да падарункаў стала канцэртная праграма.

Карабчук Г.С., педагог-арганізатар інтэрната № 4

Падзяліцца: