Падарунак да Новага года: студэнты БрДУ прынялі ўдзел у навагоднім балі ў Палацы Незалежнасці

27 снежня ў Палацы Незалежнасці адбыўся навагодні баль для вучняў і студэнтаў. У ім прынялі ўдзел 250 пераможцаў алімпіяд, будучыя навукоўцы, юныя спартсмены і зоркі-пачаткоўцы. Наш універсітэт прадстаўлялі Сяргей Жук (гістарычны факультэт), Яніна Прыбытка (фізіка-матэматычны факультэт), Вера Крэйдзіч (сацыяльна-педагагічны факультэт), Павел Юхнюк (геаграфічны факультэт) і Марына Самкевіч (факультэт фізічнага выхавання).

Палац Незалежнасці – сімвал беларускай дзяржаўнасці, дзе праходзяць нарады і сустрэчы на вышэйшым узроўні, – на адзін дзень стаў святочнай пляцоўкай для надзей моладзі. Яркая праграма, хлапушкі, падарункі, шматлікія творчыя зоны і фотазоны – усё гэта стварала навагодні настрой. Але самае важнае – сустрэча рабят з Кіраўніком дзяржавы. У сваім шчыльным графіку Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка заўсёды знаходзіць час для зносін з адоранымі вучнямі і студэнтамі, таму што яны – будучыня нашай краіны. Менавіта ім трэба ствараць, менавіта ад іх залежыць, якой будзе любімая Беларусь праз дзесяцігоддзе. У сваім выступленні Прэзідэнт пажадаў маладым людзям шмат вучыцца, пастаянна працаваць над сабой і рабіць усё своечасова, бо гэта, на яго думку, з’яўляецца асновай поспеху.

Самі рабяты з захапленнем расказваюць пра навагодні баль: яны падзяліліся сваімі дасягненнямі і завялі новыя знаёмствы.

Самыя разумныя і таленавітыя вучні і студэнты толькі пачынаюць свой жыццёвы шлях. Удзел у гэтым навагоднім балі стаў новай яркай старонкай у іх жыцці. Удвая прыемна ўсведамляць, што менавіта яны сталі сведкамі таго, як закладваюцца новыя традыцыі Беларусі.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба