Мы любім КВЗ

Кажуць, усмешка падаўжае жыццё. У праўдзівасці гэтай фразы ніколі не сумняваліся ўдзельнікі і гледачы клуба вясёлых і знаходлівых. Універсітэцкая ліга КВЗ, якая адбылася 20 мая ў актавай зале БрДУ імя А. С. Пушкіна, падарыла добры настрой усім прысутным.

Павітаўшы прысутных, кіраўнік КВЗ Барыс Шкабара прэзентаваў сайт клуба вясёлых і знаходлівых і выразіў падзяку выпускнікам 2021 года, якія на працягу ўсіх студэнцкіх гадоў заставаліся верныя КВЗ, Ілью Астапчыку (юрыдычны факультэт), Максіму Дубовіку (факультэт замежных моў) і Мацвею Цукінчыку (фізіка-матэматычны факультэт).

Затым сцэна апынулася ва ўладзе каманд-фіналістаў універсітэцкай лігі КВЗ-2021 – прадстаўнікоў біялагічнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў. Падчас выступленняў яны здзіўлялі жартамі на розныя тэмы. Шчырыя ўсмешкі, смех гледачоў і членаў журы стаў найлепшым прызнаннем гумарыстычнай творчасці студэнтаў.

Каманда фізіка-матэматычнага факультэта гуляе ў абноўленым складзе – у яе ўваходзяць толькі першакурснікі. Яе сапернікі – каманда біялагічнага факультэта – ужо вопытныя гульцы. Адна каманда толькі смела заяўляла пра сябе ў той час, як другая ўжо мае свайго гледача. Барацьба за права стаць чэмпіёнам была гарачай.

Журы ў складзе начальніка аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Таццяны Кошык і чатырохразовых прызёраў універсітэцкай лігі КВЗ Арцёма Мокшына, Міхаіла Дзябенкі і Міхаіла Якаўлева самым вясёлым і знаходлівым назвала біялагічны факультэт. Усім прадстаўнікам каманд-фіналістак ўручылі падарункі.

Удзельнікі выказваюць падзяку Барысу Шкабару за вернасць выдатным універсітэцкім традыцыям клуба вясёлых і знаходлівых і спадзяюцца, што яшчэ не раз выйдуць на сцэну з новым смешным матэрыялам.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: