Міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце – VI»

24 красавіка 2015 г. у БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася Міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце – VI». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі кафедра філасофіі і Дыскусійны клуб БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Пленарнае пасяджэнне адкрылі Матыцына Інга Генадзьеўна, прарэктар па выхаваўчай працы БрДУ, і Іванчын Генадзь Іванавіч, памочнік рэктара БрДУ, намеснік старшыні Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў.

У арганізацыі і правядзенні канферэнцыі традыцыйна прымае ўдзел Аддзел па справах рэлігій і нацыянальнасцей Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. На пленарным пасяджэнні выступіў яго прадстаўнік – Баўкуновіч Дзмітрый Аляксандравіч, які расказаў пра сучасную канфесійную сітуацыю на Брэстчыне, адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў канферэнцыі.

Перад студэнтамі выступілі выкладчыкі і госці нашага ўніверсітэта. Так, Крусь Павел Паўлавіч, загадчык кафедры філасофіі БрДУ, падкрэсліў значнасць рэлігіі ў сучаснай культуры. Вельмі эмацыйным і цікавым было выступленне Бакуменкі Таццяны Аляксееўны, старшага выкладчыка кафедры філасофіі БрДУ, у якім яна прааналізавала працэс дэсакралізацыі сакральнага ў сучасным свеце. Вялікую цікавасць выклікаў даклад магістра тэалогіі Сусанны Цігка, якая расказала пра сучасную Праваслаўную Царкву і сістэму адукацыі ў Грэцыі.

Неабходна адзначыць таксама і высокі ўзровень падрыхтоўкі навуковых дакладаў студэнтаў. Сярод лепшых студэнцкіх работ асабліва вылучыліся выступленні Гаўрыленкі Кірыла (2 курс, гістарычны факультэт, БрДУ); Швец Юліі і Міхальчук Юліяны (2 курс, эканамічны факультэт, БрДТУ), Селюжыцкай Кацярыны і Вільгодскай Ганны (2 курс, эканамічны факультэт, БрДТУ).

На круглым стале, прысвечаным праблеме дэструктыўнай рэлігійнасці, былі абмеркаваны праблемы рэлігійнай бяспекі, якія з’яўляюцца як вынік дзейнасці неакультаў. Прафесійны студэнцкі даклад быў прадстаўлены Дзікавіцкай Дар’яй і Купцовай Вольгай (студэнткі 2 курса эканамічнага факультэта БрДТУ). Тэмай выступлення з’явіліся сучасныя нетрадыцыйныя рэлігіі г. Брэста, як афіцыйна зарэгістраваныя, так і нелегальныя.

Праблемы духоўнасці, маральнасці, рэлігійнасці з’яўляюцца вечнымі для чалавека, таму цікавасць да канферэнцыі і яе актуальнасць бясспрэчныя для сучаснага студэнцтва. Для многіх удзельнікаў мерапрыемства, якія не вывучаюць вучэбны курс «Рэлігіязнаўства», шэраг аспектаў рэлігіязнаўчай і сектазнаўчай праблематыкі адкрываецца ўпершыню.

В.М. Іванчына, Э.М. Севярын,
кіраўнікі Дыскусійнага клуба БрДУ імя А.С. Пушкіна

Падзяліцца: