Міжнародная студэнцкая навуковая канферэнцыя «Слова ў мове, маўленні, тэксце»

18 мая 2018 г. у рамках Дзён славянскага пісьменства і культуры ў нашым універсітэце адбылася II міжнародная студэнцкая навуковая канферэнцыя «Слова ў мове, маўленні, тэксце», арганізаваная кафедрай агульнага і рускага мовазнаўства. Загадчык кафедры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга Барысаўна Пераход ва ўступным слове падкрэсліла, што жыццё студэнтаў прадугледжвае не толькі паўсядзённую вучобу, удзел у грамадскіх акцыях і мерапрыемствах, рэалізацыю творчых здольнасцяў у літаратурных чытаннях і лінгвістычных конкурсах, але і раскрыццё асаблівых уменняў, што павінны быць патэнцыяльна ўласцівыя людзям, якія абралі лёс філолага. Гаворка ідзе пра навуковы пошук, пра пранікненне ў патаемныя глыбіні слова, што функцыянуе ў маўленні, у тэксце, у мове. Канферэнцыя – гэта магчымасць падаць на абмеркаванне вынікі такога пошуку.

Адкрыў канферэнцыю прарэктар па навуковай працы, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Аляксандр Яўгенавіч Будзько. Цёпла павітаўшы удзельнікаў канферэнцыі, ён расказаў аб высокім навуковым патэнцыяле прафесарска-выкладчыцкага калектыву Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, аб поспехах у развіцці навукова-даследчай працы са студэнтамі, пажадаў маладым навукоўцам цікавых навуковых адкрыццяў.

Канферэнцыя аказалася даволі прадстаўнічай: прыняць удзел у ёй выказалі жаданне больш за 130 пачаткоўцаў-філолагаў – студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, маладых выкладчыкаў – з амаль двух дзясяткаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Украіны, Рэспублікі Польшча. Таксама ўдзельнікамі канферэнцыі сталі вучні Ліцэя № 1 і СШ № 7 г. Баранавічы і маладыя даследчыкі з некаторых школ Брэстчыны.

На пленарным пасяджэнні абмяркоўваліся праблемы лексічнай семантыкі і прагматыкі, функцыянавання слова ў сацыяльным і ў мастацкім кантэкстах.

Аліна Кудзельнікава З належнай увагай быў успрыняты даклад студэнткі са Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аліны Кудзельнікавай, якая прадставіла лінгвакультуралагічны партрэт сучаснага настаўніка. У сувязі з абвяшчэннем у Беларусі 2018 года «Годам малой радзімы» да месца прагучаў даклад нашай студэнткі Святланы Мацюк «Тэма малой радзімы ў паэзіі Ніны Мацяш», што суправаджаўся фотапрэзентацыяй не толькі пра чалавека незвычайнага лёсу, Ніну Мацяш, але і пра яе родныя мясціны. Новыя ўмовы функцыянавання слова ў Сеціве сталі аб’ектам даследчай увагі аспіранткі з БДУ Вікторыі Касцючэнка, якая прааналізавала некаторыя спецыфічныя характарыстыкі выражэння аксіялагічнай мадальнасці ў рускіх і англійскіх сеткавых шоу. З асаблівасцямі камунікацыі ў віртуальнай прасторы быў звязаны таксама даклад студэнткі БрДУ імя А.С. Пушкіна Таццяна Лукашэвіч Таццяны Лукашэвіч, якая падала апісанне структуры, зместавай спецыфікі і дыскурсіўных характарыстык новага сацыялекту – падмовы геймераў. Ажыўленую і нават вясёлую дыскусію выклікала выступленне студэнткі Універсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы Юстыны Бячыньскай аб магічных словах у рускім і польскім студэнцкім фальклоры. Напярэдадні экзаменацыйнай сесіі тэма, відавочна, не толькі ўспрымалася як актуальная, але і заслугоўвала «практычнай» праверкі. Вечная тэма кахання і яе лексічнае прадстаўленне ў тэкстах У. Караткевіча сталі прадметам аналізу ў дакладзе студэнта БрДУ імя А.С. Пушкіна Вадзім Пукала Вадзіма Пукалы.

З цікавасцю была сустрэта прысутнымі яшчэ адна госця са Смаленска – студэнтка Алёна Сямёнава, якая спачатку запрасіла новых беларускіх сяброў да ўдзелу ў конкурсе эсэ і вершаў аб памежных гарадах «Смаленск і Брэст – горад-ключ», а затым паведаміла ў сваім дакладзе аб спецыфіцы дыялектнай лексікі Смаленска-Магілёўскага памежжа. Заключным у праграме пленарнага пасяджэння аказаўся «смачны» даклад «Намінатыўныя намеры імядаўцаў кандытарскіх вырабаў» студэнткі філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна Вікторыі Брэзінай пра тое, як узнікаюць назвы беларускіх прысмакаў.

У другой палове дня на секцыйных пасяджэннях (іх было сем) заслуханы шматлікія даклады, прысвечаныя даследаванню новых лінгвістычных феноменаў і старажытных моўных фактаў, аналізу слова ў класічных літаратурных творах і ў тэкстах авангардных пісьменнікаў, ацэнцы існуючых дасягненняў у даследаванні мовы і пошуку новых шляхоў і спосабаў данясення таямніцы слова да вучняў і студэнтаў.

Каралевіч С.А., кандыдат філалагічных навук,
дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: