Міжфакультэцкія Дні моладзевай творчасці «Наш Пушкін»

З 14 кастрычніка па 6 лістапада 2019 года кафедра агульнага і рускага мовазнаўства праводзіла міжфакультэцкія Дні моладзевай творчасці «Наш Пушкін».

Праграма мела 17 мерапрыемстваў, мэтай якіх было ўзбагачэнне ведаў студэнтаў пра асобу, творчасць і сусветную вядомасць А. С. Пушкіна, пра яго сучаснікаў. Разнастайныя формы спрыялі пашырэнню літаратурнай эрудыцыі будучых славеснікаў (і не толькі!), а таксама дэманстравалі разнастайнасць напрамкаў па пазакласнай працы з навучэнцамі. У Днях моладзевай творчасці прынялі ўдзел студэнты шасці факультэтаў.

14 кастрычніка ў межах мерапрыемства «Натхнёныя Пушкіным: я таксама ўмею прыгожа пісаць» студэнты I–II курсаў спецыяльнасці «Руская філалогія» філалагічнага факультэта, замежныя студэнты I курса (біялагічнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў) (арганізатар – ст. выкладчык Г. А. Верамяюк) прынялі ўдзел ва ўніверсітэцкім конкурсе сачыненняў «Мацярынства – гэта важна!»онкурс арганізаваны кафедрай батанікі і экалогіі біялагічнага факультэта). Сярод пераможцаў прагучалі і іх імёны: Майсейчык Ганна і Куратнік Дзіяна (I курс, спецыяльнасць «Руская філалогія»), Лабай Марыя (II курс, спецыяльнасць «Руская філалогія»), Эгембергенава Дылфуза (I курс, фізіка-матэматычны факультэт) і Шахратава Мухабат (I курс, біялагічны факультэт). Эсэ, апавяданні, вершы… паэтычна, цёпла, з любоўю і бязмежнай удзячнасцю падбіраліся словы пра маму і важнасць мацярынства. Студэнты СНДГ «Руская славеснасць» (Алесіюк Кацярына, Лабай Марыя (II курс, спецыяльнасць «Руская філалогія») выпусцілі насценгазету з лепшымі творчымі працамі.

15 кастрычніка замежныя студэнты філалагічнага факультэта III курса (РФ, РА), а таксама біялагічнага, геаграфічнага, матэматычнага факультэтаў здзейснілі віртуальнае падарожжа па Пушкінскіх мясцінах (арганізатары – дацэнт Т. М. Лянцэвіч, ст. выкладчык Г. А. Верамяюк).

17 кастрычніка сваімі ведамі па рускай мове «памераліся» студэнты-інафоны II  курса групы «В» спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» у лінгвістычным паядынку «На гранях мовы» (арганізатары – дацэнт С. А. Каралевіч і Л. А. Гадуйка, у ролі суддзі выступіла куратар вучэбнай групы дацэнт кафедры беларускай філалогіі Л. І. Яўдошына). «Дуэлянтам» прыйшлося «адбіваць» пытанні па розных раздзелах рускай мовы – яе гісторыі, фанетыцы, арфаграфіі, лексікалогіі, фразеалогіі, граматыцы. Тых, хто прайграў у лінгвістычным паядынку, не было: засталося агульнае разуменне: «Пушкін заўсёды з намі!»

18 кастрычніка студэнты III курса спецыяльнасці «Руская філалогія» працавалі ў творчай майстэрні «Магія пушкінскага слова» (арганізатар – дацэнт Г. В. Пісарук). Глыбокі і цэласны аналіз вершаў пра восень, якая для А. С. Пушкіна «унылая пара», аднак «очей очарованье», правялі Дзіяна Цырыльчук, Марына Кунахавец і Зарана Ярмалюк. Моўныя асаблівасці апісання Пушкіным росквіту вясновай прыроды беражліва прааналізавала Марыя Ярмолава. Асабістае ўспрыманне вершаў вялікага паэта пра прыроду падалі Аксана Кізун і Юлія Саўлук.

19 кастрычніка ў інтэрнаце № 4 (вул. Пушкінская, 100) студэнты філалагічнага факультэта II курса спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» прынялі ўдзел у інтэрактыўнай віктарыне «Свая гульня» пра жыццё і творчасць А. С. Пушкіна (арганізатары – дацэнт Н. Я. Нікіціна, ст. выкладчык К. Я. Вярцейка). Віктарына была пазнавальнай, студэнты праявілі жывую цікавасць да шматграннай асобы паэта.

21 кастрычніка прайшла інтэлектуальная гульня «Латынь из моды вышла ныне?» сярод студэнтаў 1-х курсаў гістарычнага факультэта і факультэта замежных моў (арганізатар – дацэнт В. А. Фелькіна). Лацінскія фразеалагізмы і цэлыя выказванні, вобразы старажытнарымскіх паэтаў і гістарычных дзеячаў часта сустракаюцца ў творах А. С. Пушкіна. Удзельнікі спрабавалі зразумець сэнс лацінскіх выразаў, спасцігнуць сімволіку рымскай паэзіі.

22 кастрычніка ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага студэнтаў II курса факультэта замежных моў (арганізатар – дацэнт Н. М. Гурына) і студэнтаў-замежнікаў I курса матэматычнага факультэта (арганізатар – Г. А. Верамяюк) сустракала літаратурна-музычная гасцёўня «Октябрь уж наступил…». Студэнты пабывалі ў розных залах, убачылі ўнікальныя кнігі, у тым ліку і «Берасцейскую Біблію» (1563 г.).

24 кастрычніка адбылася сустрэча «И божество, и вдохновенье, и жизнь, и слезы, и любовь…» студэнтаў III курса спецыяльнасці «Руская філалогія» з настаўнікамі-філолагамі філіяла кафедры ДУА «Сярэдняя школа № 15 г. Брэста» (арганізатар – дацэнт А. Ю. Яніцкая).

26 кастрычніка сярод студэнтаў I курса нефілалагічных спецыяльнасцяў (біялагічнага, геаграфічнага, фізіка-матэматычнага факультэтаў) прайшла алімпіяда па рускай мове (арганізатары – ст. выкладчыкі Л. М. Грыцук, К. Я. Вярцейка). Заданні ахоплівалі ўсе раздзелы мовы. У цэлым усе ўдзельнікі прадэманстравалі добры ўзровень падрыхтоўкі. Пераможцамі сталі Козак Анастасія (II курс, геаграфічны факультэт) – 1-е месца, Гушча Максім (III курс, гістарычны факультэт) – 2-е месца, Кавальчук Радзівон (I курс, біялагічны факультэт) – 3-е месца.

Праграма Пушкінскіх дзён была насычана таксама іншымі пазнавальнымі мерапрыемствамі: традыцыйны конкурс-эсэ «Мой Пушкін» для першакурснікаў спецыяльнасці «Руская філалогія» (ст. выкладчык Г. А. Верамяюк), прагляд і абмеркаванне навучальнага фільма «А.С. Пушкін» у рамках лінгвакультуралагічнага лекторыя «Асоба ў культуры, літаратуры, мове» для замежных студэнтаў I курса біялагічнага, геаграфічнага, матэматычнага факультэтаў (ст. выкладчыкі Г. А. Верамяюк, А. А. Пасохін і выкладчык В. В. Пракапчук).

6 лістапада адбылося закрыццё Дзён моладзевай творчасці «Наш Пушкін». У гэты дзень адбылася творчая сустрэча «Брэст у фотаздымках, паштоўках і паэтычным слове» студэнтаў I курса спецыяльнасці «Руская філалогія» і II курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» з магістрам багаслоўя Яўгенам Мшарам (клірыкам Свята-Мікалаеўскай (брацкай) царквы). Яе арганізавалі ст. выкладчык Г.А. Верамяюк, дацэнт В. Б. Пераход, студэнты СНДГ «Руская славеснасць». Яўген вельмі займальна расказваў пра гісторыю нашага тысячагадовага горада, дэманстраваў унікальныя паштоўкі з яго відамі розных гадоў. А яшчэ на сустрэчы ў гэты дзень у Цэнтры У. А. Калесніка гучалі вершы, голас нашага выпускніка (апошняе інтэрв’ю), старшага рэдактара Брэсцкай студыі тэлебачання, члена Саюза журналістаў СССР, паэта – А. А. Кавальчука, якому 7 лістапада 2019 года споўнілася б 80 гадоў.

Усе Дні ў чытальнай зале нашага факультэта працавала выстава кніг паэтаў і пісьменнікаў пушкінскай эпохі «Всё волновало нежный ум…». Гучалі паэтычныя радкі, прыцягвалі ўвагу рэдкія кнігі, перагортваліся знаёмыя і незнаёмыя старонкі. Выдатныя сустрэчы, пошук патрэбнага слова ў творчай працы, фатаграфіі.

Старшы выкладчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Г. А. Верамяюк

Падзяліцца: