Міжфакультэцкі дыялог да Сусветнага дня здароўя “Здаровы Я – здаровая краіна”

7 красавіка пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры педагогікі М. С. Кавалевіч быў арганізаваны міжфакультэцкі дыялог да Сусветнага дня здароўя “Здаровы Я – здаровая краіна”, у якім прынялі ўдзел студэнты сацыяльна-педагагічнага факультэта (спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя”), а таксама студэнты I курса філалагічнага факультэта.

Дыскусія праводзілася, каб паглыбіць веды студэнтаў пра здаровы лад жыцця і яго адлюстраванне ў фальклоры, узмацніць матывацыю да вядзення ЗЛЖ, выхаваць адказныя адносіны да ўласнага здароўя як найважнейшага фактару паспяховай кар’еры будучага спецыяліста.

Пра новыя падыходы да рашэння праблем ЗЛЖ як найважнейшага фактару паспяховай прафесійнай кар’еры расказала М. С. Кавалевіч, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры педагогікі. Асаблівая ўвага была нададзена сучасным падыходам да арганізацыі псіхолага-педагагічнага суправаджэння выхавання адказных адносін да ўласнага здароўя.

Студэнтам было прапанавана выказаць сваю згоду ці нязгоду адносна наступных сцвярджэнняў:

  • Нарказалежнасць – смяротнае захворванне, пры якім хранічная цяга да наркотыку настолькі моцная, што без лячэння пазбавіцца гэтай залежнасці нельга.
  • Алкаголік дэградуе, становіцца нецікавым знаёмым, родным і сябрам і ў канчатковым выніку бескарысным для грамадства.
  • 1–2 пачкі цыгарэт утрымліваюць смяротную дозу нікацiну.
  • Пры працяглым ужыванні кафеіну надыходзіць прывыканне і магчыма ўзнікненне псіхалагічнай залежнасці.

З заключным словам выступіла доктар філалагічных навук, прафесар, кіраўнік студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Фалькларыстыка і краязнаўства” І. А. Швед, якая расказала пра народны вопыт забеспячэння здаровага ладу жыцця, які па крупінках сабраны і сканцэнтраваны ў шматлікіх слоўных сродках выхавання (песнях, загадках, прыказках, казках, легендах і інш.)

Удзельнікі дыскусіі прыйшлі да высновы: у адукацыйнай установе неабходна ствараць здароўезберагальнае асяроддзе, якое павінна выхоўваць у студэнтаў патрэбу быць здаровым; неабходна арганізацыйна дапамагчы студэнтам прыахвочвацца да здаровага ладу жыцця. Толькі пры гэтай умове магчымыя паўнавартаснае захаванне і ўмацаванне здароўя, навучанне здароваму ладу жыцця, фарміраванне культуры здароўя, засваенне студэнтамі яе духоўных, эстэтычных і фізічных кампанентаў.

Стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя ажыццяўляецца шляхам фарміравання ў будучых спецыялістаў каштоўнасных адносін да ўласнага жыцця і здароўя, выхавання патрэбы ў здаровым ладзе жыцця і фарміравання на гэтай аснове асабістага вопыту здаровага ладу жыцця як стратэгічнай умовы дасягнення поспеху ў прафесійнай кар’еры і асабістым жыцці.

Дацэнт кафедры педагогікі М.С.Кавалевіч

Падзяліцца: