Конкурс «Майстар лекцыйных заняткаў»

Ва ўніверсітэце завяршыўся традыцыйны конкурс прафесійнага майстэрства «Майстар лекцыйных заняткаў – 2018». У конкурсе прынялі ўдзел 10 выкладчыкаў – прадстаўнікі ўсіх факультэтаў універсітэта. Усе ўдзельнікі конкурсу прадэманстравалі высокі ўзровень майстэрства ў чытанні лекцый як у тэарэтычным плане, так і ў метадычным. Кожны выкладчык вылучаўся сваёй яркай індывідуальнасцю, здзіўляў прафесійнымі знаходкамі, арыгінальнасцю падачы лекцыйнага матэрыялу студэнтам. Так, Серы Аляксей Ігаравіч, дацэнт кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, паказаў дасканалае валоданне сучаснымі інфармацыйнымі камп’ютарнымі тэхналогіямі, аўтарскім падыходам да ацэнкі магчымасцяў розных інфармацыйных рэсурсаў.

Артямук Алена Георгіеўна, дацэнт кафедры хіміі, кандыдат біялагічных навук, дацэнт, прадэманстравала, як можна паспяхова вырашаць самыя цяжкія задачы. Варта падкрэсліць, што выкладчыца выбрала для конкурсных лекцый вельмі складаны курс «Біяхімія спорту», які чытала для студэнтаў факультэта фізічнага выхавання, нягледзячы на тое, што прадстаўляла біялагічны факультэт. Алена Георгіеўна віртуозна выкладала асноўныя палажэнні тэмы, выкарыстоўвала цікавыя відэаматэрыялы, напаўняла змест лекцыі неабходным прафесійна накіраваным практычным матэрыялам.

Безумоўна, асаблівай харызмай адрознівалася лектарскае майстэрства Зайчука Генадзя Іванавіча, дацэнта кафедры грамадзянска-прававых дысцыплін, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта. Найвышэйшы ўзровень ведання экалагічнага права, асаблівы стыль выкладу, яркія прыклады падтрымлівалі пастаянную цікавасць студэнтаў, знаходзілі іх жывы водгук.

Ільічова Іна Леанідаўна, дацэнт кафедры англійскай філалогіі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, здзіўляла студэнтаў, калег і членаў журы нетрадыцыйнымі формамі правядзення лекцыйных заняткаў (лекцыя-канферэнцыя, лекцыя-прэзентацыя з удзелам калег-экспертаў, прадстаўленнем студэнтамі выкананага праектнага задання). Выбраныя формы лекцый стварылі ўмовы для арганізацыі прадуктыўнай дзейнасці студэнтаў і вучняў агульнаадукацыйнага ліцэя, што змяняе стаўленне навучэнцаў да названай формы заняткаў ва ўніверсітэце і робіць іх больш прывабнымі.

Бездакорнае валоданне матэрыялам, цікавая, змястоўная прэзентацыя дазволілі Богдан Алене Рыгораўне, дацэнту кафедры псіхалогіі развіцця, кандыдату псіхалагічных навук, раскрыць складаныя праблемы крызіснай псіхалогіі. Студэнты набылі веды псіхалагічных асаблівасцяў асоб, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, пазнаёміліся з магчымымі шляхамі аказання ім неабходнай дапамогі.

Клос Аксана Міхайлаўна, старшы выкладчык кафедры спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання, перамагла ў намінацыі «Вернасць традыцыям», атрымала сертыфікат прафкама выкладчыкаў. Лекцыі выкладчыка адрозніваліся не толькі яркай прафесійнай накіраванасцю. Лектар змагла па-майстэрску рэалізаваць выхаваўчы патэнцыял разгледжаных тэм, натхніць студэнтаў на паспяховае вырашэнне праблем зберажэння здароўя асабістым прыкладам.

Неабходна заўважыць, што члены журы высока ацанілі лекцыі ўсіх канкурсантаў. Аднак конкурс ёсць конкурс, і пераможцы вызначыліся – хоць і з невялікім адрывам. Адразу два выкладчыкі – Шэлест Таццяна Анатольеўна, дацэнт кафедры геаграфіі і прыродакарыстання, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт, і Акуліч Наталля Аляксееўна, старшы выкладчык кафедры псіхалогіі – занялі трэцяе месца ў конкурсе. Шэлест Т.А. прадэманстравала не толькі высокі ўзровень лектарскага майстэрства, але і надзвычай умелае суправаджэнне выкладзенага матэрыялу зрокавым радам прэзентацый. Валоданне сродкамі актывізацыі ўвагі студэнтаў, уключэння іх у прадуктыўнае слуханне (выразнае маўленне, дэманстрацыя свайго стаўлення да разгледжаных праблем, яркія пераканаўчыя прыклады, канкрэтныя факты, інфармацыя для разважання) забяспечылі, безумоўна, яркае ўражанне аб лектарскім майстэрстве выкладчыка Н.А. Акуліч.

Другое месца, паводле ацэнкі членаў журы, заняла Пашковіч Алена Іосіфаўна, загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, лекцыі якой захапілі ўсіх прафесійным уменнем у выкарыстанні мастацкіх сродкаў для раскрыцця пытанняў тэмы, што ў значнай ступені забяспечыла эфектыўнасць адукацыйнай дзейнасці студэнтаў. Уключэнню студэнтаў у прадуктыўную дзейнасць на лекцыі спрыяла і выкананне імі цікавых заданняў з выкарыстаннем атласаў, раздатачнага інфармацыйнага матэрыялу.

Першае месца па праве заняла Сянькевіч Таццяна Васільеўна, дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Таццяна Васільеўна абрала ў якасці слухачоў першай конкурснай лекцыі больш за 50 замежных студэнтаў. Лекцыя, прысвечаная творчасці І.С. Тургенева, стала ўзорам лектарскага майстэрства. Заняткі вылучаліся не толькі прадуктыўнымі метадычнымі знаходкамі, але і дасканалым валоданнем выразнымі сродкамі маўлення, дэманстрацыяй аўтарскіх аналітыка-ацэначных меркаванняў, што зрабіла іх арыгінальным аўтарскім тварэннем. Не менш цікавай у плане зместу, метадычнай структуры была і другая лекцыя Т.В. Сянькевіч.

Члены журы і аргкамітэт конкурсу шчыра дзякуюць усім яго ўдзельнікам за прафесійнае лектарскае майстэрства, за яркія ўражанні ад наведвання кожнай лекцыі, за магчымасць пазнаёміцца з цікавымі метадычнымі знаходкамі, пашырыць свой прафесійны рэпертуар, актуалізаваць патрэбу ў самаўдасканаленні і, вядома ж, жадаюць далейшых поспехаў сваім калегам.

Падзяліцца: