Каманда БрДУ выйшла ў фінал першага дывізіёна Рэспубліканскай студэнцкай гандбольнай лігі сярод мужчынскіх каманд

З 3 па 6 красавіка 2017 года спартыўны комплекс нашага ўніверсітэта ў другі раз прымаў спаборніцтвы Рэспубліканскай студэнцкай гандбольнай лігі сярод мужчынскіх каманд. На гэты раз нашы гасцінныя сцены сабралі ўдзельнікаў міжрэгіянальнага этапу першага дывізіёна ў групе «Л»: зборныя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Наш універсітэт прадстаўляла каманда, у асноўным складзе якой былі студэнты-завочнікі факультэта фізічнага выхавання, а таксама двое студэнтаў гістарычнага і псіхолага-педагагічнага факультэта. Касцяк каманды ўтварылі гульцы каманды Брэсцкага гандбольнага клуба «БГК-2».

Усе чатыры дні каманды напружана спаборнічалі за перамогу ў «ручным мячы». Нашы рабяты ўпэўнена абыгралі сваіх сапернікаў, што дазволіла камандзе выйсці з двума заліковымі ачкамі ў «фінал чатырох», які пройдзе ў Мінску ў кастрычніку. Па выніках спаборніцтваў месцы ў прызавой тройцы размеркаваліся так:

  • І месца заняла каманда Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна;
  • II месцакаманда Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы;
  • III месцакаманда Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

Як адзначылі арганізатары спаборніцтваў і самі ўдзельнікі, спаборніцтвы прайшлі на высокім арганізацыйна-метадычным узроўні, што шмат у чым з’явілася заслугай галоўнага суддзі спаборніцтваў – кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры спартыўных дысцыплін, суддзі нацыянальнай катэгорыі К.І. Белага, а таксама ўсёй судзейскай брыгады ў цэлым.

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах кафедры спортдысцыплін і спартклуба

Падзяліцца: