Калейдаскоп спецыяльнасцей: у БрДУ адбыўся Дзень адчыненых дзвярэй

Час выбіраць прафесію, час вырашаць, куды паступаць. 4 лістапада 2017 года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй, які сабраў каля 200 будучых абітурыентаў. Рабяты, якія хутка закружацца ў віхуры школьнага развітальнага вальса, прыйшлі ў наш універсітэт, каб пазнаёміцца з усім спектрам прадстаўленых спецыяльнасцей. Іх у нас сапраўды шмат. Выпускнікі БрДУ – настаўнікі рускай, беларускай і замежных моў, матэматыкі і фізікі, біялогіі і хіміі, геаграфіі і гісторыі – годна носяць званне педагога. Яны, а таксама праграмісты, спартсмены, псіхолагі, юрысты, менеджары, эканамісты і журналісты кожны дзень пацвярджаюць сваёй працай, што наш універсітэт заслужана атрымаў Прэмію Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці 2016 года. Усімі сваімі справамі нашы выпускнікі вучаць маладое пакаленне беражліва ставіцца да прыроды, паважаць старэйшых і захоўваць традыцыі.

Сабраных рабят вітала рэктар універсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Мікалаеўна Сендзер. Яна пазнаёміла прысутных з прарэктарамі і дэканамі факультэтаў. Затым школьнікі і іх бацькі паглядзелі відэафільм пра жыццё нашага ўніверсітэта, з якога яны даведаліся аб навукова-інавацыйным патэнцыяле нашай alma mater, міжнародным супрацоўніцтве і грамадскай дзейнасці ў БрДУ.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі Дзмітрый Уладзіміравіч Грыцук падаў аўдыторыі інфармацыю аб этапах уступнай кампаніі. Ён акцэнтаваў увагу на дакументах, якія павінны мець пры сабе абітурыенты пры паступленні, і на асаблівасцях уступнай кампаніі на завочную і скарочаную формы атрымання вышэйшай адукацыі.

Дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Алена Іванаўна Мірская расказала аб рэпетыцыйным і цэнтралізаваным тэставанні, а таксама аб падрыхтоўчых курсах у БрДУ. Далейшае знаёмства школьнікаў з універсітэтам працягвалася на факультэтах.

Студэнты нашага ўніверсітэта таксама не засталіся ўбаку ад Дня адчыненых дзвярэй. Яны актыўна прыцягвалі ўвагу абітурыентаў да родных факультэтаў, таму што любяць сваю alma mater і хочуць, каб яна і далей папаўнялася разумнымі, крэатыўнымі і мэтанакіраванымі навучэнцамі.

А каб паказаць, што студэнцкае жыццё ў БрДУ – гэта не толькі лекцыі, семінары і экзамены, але і ўдзел у грамадскай дзейнасці, навучэнцы падрыхтавалі для нашых гасцей яркую канцэртную праграму. Будучыя абітурыенты пераканаліся, што ў нашым універсітэце створаны ўсе ўмовы як для актыўнай вучэбнай і навукова-даследчай працы, так і для развіцця творчых здольнасцей.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: