ХХІІ Міжнародны конкурс аратарскага майстэрства “Цыцэроній-2022”

19-20 мая ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь прайшоў ХХІІ Міжнародны конкурс аратарскага майстэрства “Цыцэроній-2022”. На сцэне выступілі студэнты і курсанты 18 вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Расіі, Кітая, Узбекістана і Шры-Ланкі.

Наш універсітэт прадстаўлялі студэнткі ІІІ курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Руская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)” Ганна Майсейчый, Ганна Андрасюк і Сафія Клімовіч. Дзяўчаты атрымалі магчымасць удзельнічаць у конкурсе “Цыцэроній” дзякуючы перамозе ў адкрытым універсітэцкім конкурсе аратарскага майстэрства “Майстар слова”, які прайшоў сёлета ў красавіку.

Фота з начальнікам акадэміі МУС Аляксандрам Васільевым

Па традыцыі конкурс “Цыцэроній” пачаўся з парада ўдзельнікаў. Начальнік акадэміі генерал-маёр міліцыі Аляксандр Васільеў адкрыў спаборніцтвы і пажадаў усім поспехаў.

У першым туры пад назвай “Свет вачыма маладога чалавека” ўдзельнікі выступалі на працягу трох хвілін з загадзя падрыхтаванай прамовай. Нашы студэнты пакарылі членаў журы не толькі бездакорным маўленнем, уменнем трымацца на сцэне, але і (што самае каштоўнае) высокім узроўнем падрыхтоўкі ў галіне рыторыкі.

У другім туры ўдзельнічалі 12 канкурсантаў, сярод якіх былі Ганна Майсейчык і Ганна Андрасюк. Неабходна было за адну хвіліну расказаць пра ідэальны адпачынак: куды можна паехаць, што наведаць, якую карысць прынясе такі від адпачынку. Журы ацэньвала змест, логіку, выразнасць выступлення. Абедзве нашы студэнткі ў гэтым туры атрымалі найвышэйшыя балы.

Нашы пераможцы: Ганна Майсейчык, Сафія Клімовіч, Ганна Андрасюк

Вынікі конкурсу наступныя:

Ганна Андрасюк – І месца;

Ганна Майсейчык – ІІ месца;

Сафія Клімовіч – лаўрэат конкурсу (Імесца).

Нашы студэнты даказалі, што ўмеюць пераканальна, змястоўна, правільна і прыгожа гаварыць, выступаць са сцэны.

Пераможцы і лаўрэаты конкурсу аратараў былі ўзнагароджаны медалямі, дыпломамі і каштоўнымі прызамі. Конкурс завяршыўся святочным канцэртам.

Л.М. Грыцук,
старшы выкладчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: