Дзень Перамогі: работнікі і студэнты БрДУ аддалі даніну памяці загінулым

Перагортваючы каляндарныя старонкі, мы з году ў год з асаблівай радасцю і хваляваннем чакаем май, пераможны май. Па традыцыі работнікі і студэнты нашага ўніверсітэта далучаюцца да калоны, якая кожны год урачыста крочыць у Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», аддаючы даніну памяці тым, хто каваў вялікую Перамогу.

Святочную калону ўзначальвалі ветэраны ў мундзірах з мноствам ордэнаў і медалёў на грудзях. Тон шэсцю задаваў ваенны аркестр. Падчас мітынгу адбылося ўскладанне кветак да Вечнага агню. Хвілінай маўчання мітынгоўцы ўшанавалі памяць салдат, якія не вярнуліся з поля бою.

Калектыў і студэнты БрДУ штогод у страі калоны, таму што мы з трапятаннем адносімся да старых чорна-белых фотакартак, на якіх адлюстраваны франтавік; таму што ў нашых сэрцах болем адгукаюцца ўспаміны ветэранаў аб суровых саракавых гадах мінулага стагоддзя; таму што мы разумеем: на беларускіх землях больш ніколі не павінна пралівацца чалавечая кроў.

Страшныя ваенныя гады адыходзяць ад нас усё далей і далей, але памяць пра іх застаецца ў нашых сэрцах. Работнікі і студэнты нашага ўніверсітэта ўпэўнены, што мы павінны пранесці яе праз гады і перадаць наступным пакаленням, каб яны таксама прыходзілі на мітынгі, ускладалі кветкі і аддавалі даніну памяці тым, хто сваім гераізмам, патрыятычнасцю і ахвярнасцю абараніў наша права на мірнае жыццё і шчаслівую будучыню.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: