Адкрыты конкурс чытальнікаў «Таямніцы слова і думкі – 2020»

26 лютага прайшоў адкрыты ўніверсітэцкі конкурс чытальнікаў «Таямніцы слова і думкі», прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Арганізатарам штогадовага мерапрыемства выступіла кафедра рускай літаратуры і журналістыкі.

Глыбінёй пісьменніцкіх і ўласных думак, патаемнымі, шчырымі перажываннямі падзяліліся не толькі студэнты нашай альма-матэр, але і навучэнцы ліцэяў, гімназій, школ Брэста і Брэсцкай вобласці.

Конкурс традыцыйна складаўся з выканальніцкага і аўтарскага аддзяленняў. Ацэньвала выступленне канкурсантаў кампетэнтнае журы ў складзе выкладчыкаў філалагічнага факультэта. Госцем Свята Слова стала Таццяна Дземідовіч – старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Са сцэны гучалі творы Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Фёдара Цютчава, Міхаіла Лермантава і іншых майстроў паэтычнага слова.

Аўтарскія вершы, напоўненыя шчырымі эмоцыямі, выразна перадавалі ўласныя думкі канкурсантаў.

Пакуль журы падводзіла вынікі, слухачам была прапанавана канцэртная праграма, падрыхтаваная студэнцкім клубам універсітэта.  А cтудэнты II курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)» Ілля Агрэніч і Дар’я Ільючык правялі літаратурную віктарыну па творчасці беларускіх класікаў.

Дыпломамі першай ступені ў выканальніцкім аддзяленні былі ўзнагароджаны Сцепанчук Арсеній (СШ № 27 г. Брэста), Бялькевіч Ганна (гімназія № 5 г. Брэста), Кіслошчанкава Ангеліна (БрДУ імя А. С. Пушкіна, геаграфічны факультэт); у аўтарскім аддзяленні – Бандарук Наталля (Брэсцкі абласны ліцэй імя П. М. Машэрава), Палюховіч Андрэй (БрДУ імя А.С. Пушкіна, геаграфічны факультэт).

Усе канкурсанты фінальнага этапу спаборніцтва былі ўзнагароджаны дыпломамі і граматамі ў пэўных намінацыях, а пераможцы атрымалі і каштоўныя падарункі.

Віншуем пераможцаў!

Ірына Шлойда, спецыяліст Рускага цэнтра
Фота – Ірына Шлойда і Анастасія Навумчык