Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па спартыўнай аэробіцы

З 7 па 9 красавіка ў Гомелі прайшлі Чэмпіянат і Першынства Рэспублікі Беларусь па спартыўнай аэробіцы-2017, якія сабралі ў спецыялізаванай зале лепшых спартсменаў нашай краіны. Арганізатарамі галоўнага старту гэтага сезона выступілі грамадская арганізацыя «Беларуская федэрацыя гімнастыкі» і ПСУП «Клуб Аэрастэп».

У праграму спаборніцтваў па гэтаму віду спорту ўваходзяць сольныя выступленні, а таксама спаборніцтвы змешаных пар, трыа і груп. У першы дзень на старт выйшлі 134 саставы, але ў фінал другога дня трапілі толькі 54 саставы ўдзельнікаў.

Два дні тры судзейскія брыгады: суддзі, якія ацэньвалі выкананне праграмы, суддзі, што давалі ацэнку артыстычнасці, і суддзі, якія ацэньвалі складанасць праграмы, – пільна назіралі за выступоўцамі, каб вылучыць лепшых з лепшых. Выкананне праграмы суддзі ацэньвалі па сістэме збавак за няправільна выкананыя базавыя крокі і гімнастычныя элементы, што ўваходзяць у кампазіцыі, і выносілі выніковыя балы ўдзельнікам спаборніцтваў па формуле «10 – збаўкі». Судзейская брыгада, якая ацэньвала артыстычнасць, выносіла балы ўдзельнікам спаборніцтваў па наступных крытэрыях: змест блокаў аэробных рухаў, элементы складанасці, пераходы і падтрымкі; практычнае выкарыстанне музыкі; змест камбінацый аэробных рухаў (крокі/рукі); выкарыстанне спаборніцкай пляцоўкі; прэзентацыя праграмы. Адзнака па складанасці выводзілася шляхам падсумоўвання ўсіх элементаў, што ўваходзяць у праграму, а затым дзялення гэтай сумы напалову. Такім чынам памяншаецца значнасць ацэнкі за цяжкасць праграмы, прымушаючы спартсменаў надаваць асноўную ўвагу правільнаму выкананню кампазіцыі, яе артыстычнасці і эмацыйнасці.

Па выніках спаборніцтваў нашы студэнты-спартсмены занялі наступныя месцы:

  • II месца ў намінацыі «Сола» заняў студэнт 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Ваўрушэвіч Эдуард з вынікам 17,45 бала;
  • III месца ў намінацыі «Сола» заняў студэнт 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Вабішчэвіч Мікалай з вынікам 17,25 бала;
  • III месца ў намінацыі «Трыа» занялі Аляксюк Ганна, Вабішчэвіч Мікалай і Ваўрушэвіч Эдуард з вынікам 16,6 бала.

За крок ад п’едэстала гонару, заняўшы IV месца з вынікам 16,6 бала, спынілася наша «Група»: Лышчык Дзіяна, Нерад Яўгенія, Босацкая Валянціна, Тарасюк Вікторыя, Анціпаровіч Крысціна – студэнткі 2-га і 3-га курса факультэта фізічнага выхавання.

Хоць нашы спартсмены і крыху саступілі канкурэнтам з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, яны з аптымізмам глядзяць у будучыню і пазітыўна ацэньваюць свае сілы на фінальных спаборніцтвах Рэспубліканскай універсіяды па спартыўнай аэробіцы, якія пройдуць у Мінску з 20 па 22 красавіка. Пажадаем жа нашым рабятам і іх кіраўніку, старшаму выкладчыку кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання Цітовай Людміле Сяргееўне, яркіх поспехаў і спартыўных перамог!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання, спартклуба