Юбілейны тыдзень журналістыкі

З 4 па 8 красавіка 2017 года філалагічны факультэт стаў культурна-адукацыйнай пляцоўкай для юбілейнага міжнароднага моладзевага форуму «Пяты адкрыты тыдзень журналістыкі». Кафедра журналістыкі і студэнцкі актыў спецыяльнасці «Журналістыка (друкаваныя СМІ)» арганізавалі для ўдзельнікаў Тыдня комплекс цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў.

У юбілейным Тыдні прынялі ўдзел студэнты з Інстытута журналістыкі БДУ, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Елецкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І.А. Буніна, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, а таксама слухачы з сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў г. Брэста і Брэсцкай вобласці.

На адкрыцці Тыдня ўдзельнікаў віталі людзі, якія падтрымліваюць праект з году ў год: першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Ляўковіч, галоўны рэдактар абласной газеты «Зара» Аляксандр Лагвіновіч, дэкан філалагічнага факультэта Таццяна Сянькевіч, вядомы публіцыст і паэт Георгій Тамашэвіч, старшыня прафкама студэнтаў БрДУ Раман Чуль.

Праграма юбілейнага форуму ўключала майстар-класы вядомых журналістаў, інтэрактыўныя гульні, творчыя сустрэчы.

Праца пачалася адразу ж пасля адкрыцця. Так, 4 красавіка ў 14.00 прайшоў майстар-клас вядомага фотамастака Сяргея Плыткевіча, які расказаў удзельнікам, як «дакумент ператвараецца ў вобраз». У перапынку кафедра журналістыкі арганізавала для ўдзельнікаў традыцыйны абед у нацыянальным стылі «Смачна з’есці». А завяршыўся першы працоўны дзень Тыдня інтэрактыўнымі гульнямі, якія правёў для ўдзельнікаў Дзяніс Трацюк.

Другі дзень Тыдня – своеасаблівая арт-падрыхтоўка да медыяквеста. Два майстар-класы і трэнінгі павінны былі настроіць удзельнікаў на паспяховы вынік. Пачаўся дзень майстар-класам «Людзей нецікавых у свеце няма» публіцыста, пісьменніка, галоўнага рэдактара газеты «Брэсцкі кур’ер» Мікалая Аляксандрава. Затым культурна-адукацыйную эстафету падхапіла галоўны рэдактар «Жаночага часопіса» Святлана Кавальчук, якая правяла майстар-клас на тэму «Жаночы твар беларускай журналістыкі». Пасля невялікага перапынку прайшлі трэнінгі па медыяквесце. «Трэнерамі» выступілі Святлана ТаболічЗара»), Ганна ПетрачэнкаСБ. Беларусь сягоння») і Сяргей МісіюкЭкспартМедыя»).

У трэці дзень 10 каманд студэнтаў адправіліся ў горад на медыяквест «Шукаю чалавека: жыццёвыя гісторыі». Усе каманды справіліся з заданнем, а адной з іх асабліва пашанцавала: іх суправаджала здымачная група Буг-ТВ. Стомленыя, але акрыленыя ўдзельнікі сабраліся для актыўнага адпачынку на творчы вечар з Ігарам Пашэчкам.

Пятніца ў праграме Тыдня стала днём рэлаксацыі. Дацэнт кафедры журналістыкі Святлана Клундук правяла майстар-клас «Газетны hand-made», у выніку якога кожны ўдзельнік змог павезці дадому мілы сувенір. Пасля кава-паўзы ў горадзе прайшло падвядзенне вынікаў медыяквеста, пераможца якога атрымаў падарунак ад партнёра Тыдня – рэстарана YOSHITO. А ў 16.30 удзельнікі адправіліся на экскурсію па горадзе з дацэнтам кафедры ўсеагульнай гісторыі БрДУ Андрэем Бодакам.

Апошні дзень Тыдня пачаўся з абмеркавання вынікаў медыяквеста: выступілі трэнеры, падзяліліся ўражаннямі ад каманднай працы ўдзельнікі.

Завяршыўся Тыдзень узнагароджаннем пераможцаў. Першае месца ў медыяквесте заняла каманда «Alliance» (Эдуард Аліфярук, Максім Корхаў (БрДУ), Валерыя Федаровіч (БДУ), Лаліта Савіцкая (ГрДУ)), другое – «Юбіляры» (Ірына Івашка (БДУ), Айсел Гуліева (ГрДУ), Таццяна Сільвестрава і Марыя Бугаёва (БрДУ), трэцяе – «Цюлень-манах» (Лізавета Мазурчык (БДУ), Маргарыта Савіцкая (ГрДУ), Ірына Кузьміч і Ілона Папова (БрДУ)). Кожны ўдзельнік каманд-пераможцаў атрымаў фірмовыя кубкі з лагатыпам Тыдня.

На закрыцці таксама былі ўзнагароджаны пераможцы Фестывалю студэнцкай прэсы-2017. Дыпломы і прызы ўручала адказны сакратар абласной газеты «Зара» Святлана Таболіч. Анастасія Афанасовіч (БрДУ), Юлія Пячэрская (ЕДУ імя І.А. Буніна) і Кацярына Эватсон (БДУ) былі адзначаны ў намінацыі «Лепшы матэрыял Фестывалю студэнцкай прэсы»; газета «Талісман» (ЕДУ імя І.А. Буніна) – у намінацыі «За жанравую разнастайнасць», часопіс «PRide» (ГрДУ) – у намінацыі «За тэматычнае адзінства выдання». Прызавыя месцы размеркаваліся так: дыплом III ступені – газета «Хачу сказаць» (БрДУ), II ступені – часопіс «Reverse» (БДУ), I ступені – газета «The Press» (БрДУ). Гран-пры Фестывалю забрала каманда студэнтаў Інстытута журналістыкі (газета «ЖУРфакты»).

Юбілейны тыдзень атрымаўся па-сапраўднаму святочным!

Ганна Ермаковіч

Падзяліцца: