«Час дружбы» ў БрДУ

5 красавіка 2017 г. у БрДУ імя А.С. Пушкіна адбыўся «Час дружбы». На гэтым мерапрыемстве замежныя студэнты і кіраўніцтва БрДУ ў фармаце дыялогу абмяняліся станоўчымі ўражаннямі аб універсітэцкім жыцці.

Прысутных прывітала рэктар універсітэта Ганна Мікалаеўна Сендзер. Яна паведаміла аб тым, што ў рамках візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Туркменістан было падпісана 12 дамоў паміж універсітэтамі дзвюх дзяржаў. Ад студэнцкай моладзі выступілі старшыня старастата замежных студэнтаў, магістрант юрыдычнага факультэта Ахмет Бердымырадаў, а таксама студэнты фізіка-матэматычнага факультэта Гульджан Гуванджова і Вольга Васілюк. Ахмет расказаў пра цеснае ўзаемадзеянне замежных навучэнцаў з кіраўніцтвам БрДУ і выказаў падзяку за магчымасць правядзення Фестывалю замежных студэнтаў і свята Курбан-байрам. Гульджан і Вольга выступілі з аповедам пра тое, як студэнты розных нацыянальнасцей разам рыхтуюцца да заняткаў і вучацца адзін у другога гатаваць нацыянальныя стравы. Выступленне дзяўчат суправаджалася відэаролікам.

Прарэктар па навуковай працы Аляксандр Яўгенавіч Будзько адзначыў, што ў нашым універсітэце для замежных навучэнцаў створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі інтарэсаў у вучэбнай дзейнасці, у тым ліку магчымасць паехаць на стажыроўку за мяжу.

Старшыня прафкама студэнтаў Раман Валянцінавіч Чуль расказаў аб ахопе членства сярод замежных навучэнцаў. Выступіў перад студэнтамі і начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Аляксандр Уладзіміравіч Томашаў. Ён акцэнтаваў увагу на наступствах, якія могуць узнікнуць пры пэўных абставінах.

Падвяла вынікі сустрэчы рэктар універсітэта, якая пажадала рабятам захаваць завязаныя сяброўскія адносіны на многія гады. А пацвярджэннем таго, што беларускія і замежныя навучэнцы ў нашым універсітэце жывуць дружна і падтрымліваюць адзін аднаго, стала канцэртная праграма, у якой прынялі ўдзел студэнты з розных краін.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: