Нашы спартсмены на Міжнародным турніры па акрабатыцы

6-9 лістапада 2017 г. у Брэсце прайшоў XXI Міжнародны турнір па спартыўнай акрабатыцы памяці заслужанага трэнера СССР У.П. Коркіна. Наш універсітэт з’яўляецца адным з суарганізатараў гэтага турніру, удзельнічае ў яго правядзенні і падрыхтоўцы.
Кароткая даведка
Уладзімір Паўлавіч Коркін працаваў прафесарам кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кіраваў навукова-педагагічнай школай па спартыўнай акрабатыцы. Заслужаны трэнер РСФСР і СССР, суддзя Міжнароднай катэгорыі, член навукова-педагагічнага савета Міжнароднай федэрацыі спартыўнай акрабатыкі.
За час навукова-педагагічнай дзейнасці ў вышэйшых навучальных установах У.П. Коркіным напісана 20 кніг і падручнікаў, 19 класіфікацыйных і навучальных праграм, а таксама больш за 50 артыкулаў у цэнтральных часопісах.
Вынікам яго трэнерскай дзейнасці стала падрыхтоўка вялікай групы спартсменаў высокай кваліфікацыі, у тым ліку 164 майстроў спорту, 4 заслужаных майстроў спорту, 11 майстроў спорту міжнароднага класа.

Першы турнір памяці Уладзіміра Паўлавіча адбыўся ў год яго смерці (1997 г.).

Зараз турнір уключаны ў Рэспубліканскія календары Беларусі, Расіі, Украіны і Малдовы. Асноўны кантынгент удзельнікаў – юніёры і юніёркі, але тытулаваныя спартсмены таксама пастаянна ўдзельнічаюць у такім мерапрыемстве.

У гэтым годзе ў спаборніцтвах турніру прынялі ўдзел больш за 100 спартсменаў з 5 краін (Беларусь, Малдова, Украіна, Германія, Расія).

У па-сапраўднаму прыгожай барацьбе спартсмены прадэманстравалі майстэрства і грацыю. Адным з прызёраў турніру стала студэнтка факультэта фізічнага выхавання Самкевіч Марына, якая заняла са сваімі партнёрамі другое месца ў намінацыі «Жаночая група».

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: