«Студэнцтва – ты ў жыцці лепшая пара»

«Студэнцтва – ты ў жыцці лепшая пара!» – менавіта гэтыя словы сталі дэвізам фестывалю студэнцкай творчасці «Студэнцкая вясна-2017», які стартаваў 20 сакавіка на пляцоўцы перад вучэбным корпусам № 1 БрДУ імя А.С. Пушкіна. На адкрыцці фестывалю з прывітальным словам выступіла рэктар універсітэта Г.М. Сендзер. Яна адзначыла, што студэнты сваёй энергіяй і пазітывам прыўносяць яркія фарбы ў жыццё ўніверсітэта. Па ўжо існуючай традыцыі ў гэты дзень тон фестывалю задалі студэнты ўсіх факультэтаў, якія пад рытмічныя мелодыі выканалі флеш-моб «Танцуючы ўніверсітэт». Рабяты парадавалі гледачоў зладжанасцю рухаў, прамяністымі ўсмешкамі і добрым настроем.

«Студэнцкая вясна-2017» будзе доўжыцца тры тыдні. Праграма фестывальных дзён абяцае быць яркай, плённай і насычанай. І гэта не дзіўна, бо студэнты нашага ўніверсітэта энергічныя, жыццярадасныя, упэўненыя ў сабе, умеюць сумяшчаць падрыхтоўку да заняткаў з творчасцю і заўсёды знаходзяць час для праяўлення сваіх здольнасцей.

Турніры, выставы, дыскусіі, вакальныя конкурсы, гумарыстычныя праграмы і спартыўныя спаборніцтвы – фестываль уключае ў сябе больш за трыццаць мерапрыемстваў. Завершыцца ён маляўнічым гала-канцэртам у Цэнтры моладзевай творчасці 7 красавіка.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: