Валанцёрская акцыя «Захавай сваё жыццё!»

1 снежня 2014 года ў межах Сусветнага дня барацьбы супраць СНІДу ва ўніверсітэце прайшла валанцёрская акцыя «Захавай сваё жыццё!», арганізатарамі якой выступілі аддзел выхаваўчай працы з моладдзю, сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба і Савет Валанцёраў Універсітэта. Асаблівую актыўнасць праявілі сябры валанцёрскага атрада «Совы» (біялагічны факультэт), а таксама студэнты фізіка-матэматычнага, геаграфічнага, юрыдычнага і гістарычнага факультэтаў.

Падчас усёй акцыі студэнты-валанцёры прапагандавалі здаровы лад жыцця і інфармавалі навучэнцаў пра спосабы абароны і шляхі перадачы ВІЧ/СНІДу.

Для вызначэння ў студэнтаў асноўных жыццёвых каштоўнасцей было праведзена сац-апытанне «На што патраціць жыццё?». Большасць студэнтаў у якасці асноўных жыццёвых каштоўнасцей адзначылі: псіхічнае і фізічнае здароўе; здаровую сям'ю; павагу і любоў да сябе тых, каго яны больш за ўсё цэняць; прызнанне.

У межах валанцёрскай акцыі таксама адбыўся дыялог пра ВІЧ/СНІД «Увага, чырвоная картка!», падчас якога навучэнцам універсітэта яшчэ раз нагадалі аб адказнасці за сваё жыццё і здароўе, маральным і палавым выхаванні.

На працягу ўсёй акцыі ў фае вучэбнага корпуса № 1 дэманстраваліся відэафільмы і сацыяльныя ролікі прафілактычнай накіраванасці «Уся праўда пра СНІД».

Традыцыйна ў гэты дзень усім неабыякавым да праблемы ВІЧ/СНІДу прымацавалі да вопраткі чырвоную стужачку – сімвал надзеі, што аб'яднаў галасы людзей, якія заявілі пра неабходнасць асэнсавання праблемы СНІДу.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю,
сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба,
Савет Валанцёраў Універсітэта

Падзяліцца: