Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыя XX стагоддзя: праблемы, прыярытэты і перспектывы развіцця»

20 кастрычніка 2017 года ў рамках святкавання 60-годдзя псіхолага-педагагічнага факультэта адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам «Адукацыя XX стагоддзя: праблемы, прыярытэты і перспектывы развіцця». Арганізатарам канферэнцыі выступіла кафедра педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі.

Прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў канферэнцыі стала выступленне дзіцячага ўзорнага хору «Салавейка» ДУА «Сярэдняя школа № 3» г. Брэста (мастацкі кіраўнік – Цярэшка Т.У.). Музычнае прывітанне спрыяла стварэнню эмацыйна-прыўзнятай атмасферы і пазітыўнага настрою на далейшыя плённыя зносіны.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі і прысутных студэнтаў псіхолага-педагагічнага факультэта звярнулася рэктар універсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Мікалаеўна Сендзер. Яе даклад «Прафесійная арыентацыя для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы: праблемы і рашэнне» адкрыў пленарнае пасяджэнне і выклікаў вялікую цікавасць ва ўсіх прысутных сваёй актуальнасцю, змястоўнасцю, красамоўнымі фактамі і канкрэтнымі прыкладамі.

З прывітаннем і дакладам «Псіхолага-педагагічны факультэт: 60 гадоў гісторыі» выступіла дэкан псіхолага-педагагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана Серафімаўна Кацэвіч. Гістарычны экскурс і яркая прэзентацыя, прысвечаная людзям, якія адыгралі важную ролю ў станаўленні і развіцці факультэта, выклікалі жывы водгук удзельнікаў канферэнцыі.

Працу пленарнага пасяджэння працягнулі прадстаўнікі айчынных і замежных устаноў вышэйшай адукацыі:

  • Агата Яцэвіч, дэкан факультэта сацыяльных навук Недзяржаўнай вышэйшай школы (г. Беласток) – «Poznawanie przyrody i jego miejsce w nowej podstawie programowej oraz wybranych polskich programach wychowania przedszkolnego»;
  • Святлана Мікалаеўна Сакалова, прафесар кафедры кіравання абаронай ад надзвычайных сітуацый УГА МНС Рэспублікі Беларусь, Галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН РБ, доктар філасофскіх навук – «Бяспека чалавека і грамадства: Балонская версія ўніверсітэцкага гольфа»;
  • Эва Раманоўска, доктар факультэта сацыяльных навук Недзяржаўнай вышэйшай школы (г. Беласток) – «Formy edukacji na rzecz bezpieczeństwa w działaniach straży miejskiej i policji ruchu drogowego w Polsce na przykładzie województwa podlaskiego»;
  • Марыя Пятроўна Осіпава, прафесар кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі БрДУ імя А.С. Пушкіна, кіраўнік НМЦ «Школа – сям’я», кандыдат педагагічных навук – «Мадэль педагагічнага ўзаемадзеяння з сям’ёй у кантэксце класнай супольнасці: тэарэтыка-метадычныя асновы»;
  • Алена Іванаўна Мядзведская, загадчык кафедры псіхалогіі БрДУ імя А.С. Пушкіна, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт – «Да праблемы папярэджання спісвання ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі»;

Таццяна Аляксандраўна Кавальчук, загадчык кафедры педагогікі БрДУ імя А.С. Пушкіна, кандыдат педагагічных навук, дацэнт – «Стварэнне суб’ектна-развіццёвага асяроддзя ў адукацыйным працэсе ўніверсітэта».

У праграму Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі былі заяўлены даклады больш за 160 удзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў устаноў адукацыі г. Брэста і Брэсцкай вобласці, навукоўцаў з устаноў адукацыі рознага тыпу г. Мінска, Віцебска, Мазыра і інш. На падставе дасланых матэрыялаў аргкамітэт сфарміраваў 11 секцый, у тым ліку 2 студэнцкія. Навуковыя зносіны атрымаліся цікавымі і плённымі.

Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка матэрыялаў.

Аргкамітэт канферэнцыі

Падзяліцца: