Найважнейшае свята туркменскага народа

Уліўшыся ў дружную студэнцкую сям’ю нашага ўніверсітэта, туркменскія студэнты не толькі інтэгруюцца ў нашу культуру, але і захоўваюць свае святы і традыцыі. Сярод шматлікіх нацыянальных святаў туркмен, звязаных як з духоўнай культурай народа, так і з традыцыямі навейшай гісторыі Туркменістана, асабліва адзначаецца Дзень Незалежнасці. Гэтае свята было ўстаноўлена Урадам краіны ў гонар дня 27 кастрычніка 1991 года, калі Вярхоўны Савет прыняў закон «Аб Незалежнасці і асновах дзяржаўнага ладу Туркменістана». Годам пазней у краіне была прынята Канстытуцыя, што дазволіла Туркменістану стаць на шлях самастойнага развіцця, а народу – быць гаспадаром свайго лёсу.

Свята Незалежнасці адзначаецца туркменскімі студэнтамі і ў нашым універсітэце. Пры гэтым дзень 27 кастрычніка з’яўляецца для іх двайным святам: Днём Незалежнасці краіны і Днём нараджэння ўніверсітэта, у які яны прыехалі вучыцца. 26 кастрычніка 2017  года, напярэдадні свята, мноства навучэнцаў, якія пражываюць у студэнцкім гарадку, сабраліся на святочным вечары «Мая Туркменія, як ты мне міла!». У падрыхтоўцы і арганізацыі ўрачыстасці прынялі актыўны ўдзел выхавальнікі студэнцкага гарадка С.К. Страпко, І.М. Серада і Г.С. Карабчук, а таксама замежныя студэнты: Баранаў Аймурат, Разметава Азіза (філалагічны факультэт), Жумаеў Хемра (фізіка-матэматычны факультэт) і Бяшымаў Мухамет (факультэт фізічнага выхавання). Студэнты розных факультэтаў – удзельнікі клуба «Дыялог культур» – прадставілі ўвазе гасцей свята цікавую творчую праграму.

Тон вечару быў зададзены праніклівым выкананнем верша «Пасланне нашчадкам» вялікага нацыянальнага паэта туркменскай літаратуры Махтумкулы (Анамаўламава Захрэ, філалагічны факультэт). Гасцям і ўдзельнікам вечара была паказана прэзентацыя «Шлях да Незалежнасці» (Мусаева Бахар, біялагічны факультэт). У гады Незалежнасці ў Туркменістане з’явілася яшчэ адно дзяржаўнае свята – «Кропля вады – крупінка золата», прысвечанае беражлівым адносінам да вады як да крыніцы жыцця туркменаў ва ўмовах гарачага клімату, што было адлюстравана ў прэзентацыі «Самы каштоўны рэсурс Туркменістана» (Раўшэнава Гульшат, біялагічны факультэт). Нядаўна сталіца Туркменістана, горад Ашхабад, стала арэнай 5-х Азіяцкіх гульняў у закрытых памяшканнях і па баявых мастацтвах «Азіяда-2017», у праграму якіх увайшлі спаборніцтвы па 21 віду спорту. Усе прысутныя змаглі дакрануцца да гэтай спартыўнай падзеі праз прэзентацыю «Самая значная падзея часу» (Мухамедаў Амангельды, факультэт замежных моў). Як працяг спартыўнай тэмы перад удзельнікамі вечара быў праведзены паядынак па туркменскай нацыянальнай барацьбе (Мяцьякубаў Хушнур і Ахмедаў Еолдаш, факультэт фізічнага выхавання).

Працягваючы ўстаноўленую традыцыю, беларускія студэнты выступілі з вялікай творчай праграмай «Мы жадаем шчасця Вам!», да якой далучыліся і туркменскія студэнты. Урачыстасць наведала сапраўдная «Паўлінка» з аднайменнай п’есы Янкі Купалы, а святочны настрой удзельнікаў і гасцей падтрымалі беларускія, туркменскія, узбекскія, англійскія і рускія мелодыі. Прадстаўнік азербайджанскай дыяспары пажадаў туркменскаму народу міру і росквіту, а студэнтам – дасягненняў у адукацыйным працэсе.

Ад імя рэктарата студэнтам, удзельнікам праграмы, быў прэзентаваны святочны пірог.

З. Ляўчук, дацэнт, кіраўнік клуба «Дыялог культур»

Падзяліцца: